Як павіншаваць палітзняволеных з каляднымі святамі?Колькасць палітзняволеных у Беларусі хутка перойд…

Як павіншаваць палітзняволеных з каляднымі святамі?

Колькасць палітзняволеных у Беларусі хутка перойдзе за мяжу ў 1500 чалавек. Сотні беларусаў, якія не пагадзіліся з дзеяннямі ўлады, апынуліся ў месцах зняволення. Праваабаронцы заклікаюць віншаваць палітвязняў са святамі і ствараць ім святочны настрой за кратамі любымі магчымымі спосабамі!

Лісты салідарнасці — глыток свабоднага паветру для вязняў. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі зняволеным. Даслаць можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці і письмо.бел. Не забывайце класці пустыя канверты, маркі і паперу, каб яны змаглі адказаць на лісты салідарнасці.

Калі не ведаеце каму напісаць, то скарыстайцеся рандомным пошукам палітзняволеных на нашым сайце. Прозвішчы вязняў можна шукаць на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай. Для старту неабходна толькі перайсці па спасылцы і націснуць на «Выпадкова абраць аднаго палітзняволенага».

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце падпісвацца, каб яны ведалі ад каго дайшла вестка.

Даслаць пасылку з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Але зрабіць гэта можна толькі тым вязням, прысуд якіх яшчэ не ўступіў у законную сілу. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз. Чым можна парадаваць вязняў за кратамі, знойдзеце ў практычным дапаможніку ад “Вясны”.

Можаце зрабіць грашовы перавод, каб палітвязні змаглі пачаставаць сабе прысмакамі з турэмнай крамы. У СІЗА-1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у астатнія можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Гэта таксама тычыцца толькі тых вязняў, прысуд якіх яшчэ не ўступіў у законную сілу. Інструкцыю знойдзеце ў вялікім дайджэсце па дапамозе палітвязням.

Акрамя гэтага, Фонд Беларускай Салідарнасці BYSOL абвесціў калядную акцыю «Трэба цуды? Зробім цуды!». Мы можам дапамагчы мамам і татам, якія цяпер не могуць быць побач са сваёй сям’ёй, падарыць іх дзецям святочную атмасферу і на імгненне быць побач са сваімі дзецьмі. Падтрымаць фінансава збор.

Не забывайце, што наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — prisoners.spring96.org.

«Калядная зорка свеціць над усімі, незалежна ад кратаў». Гід па віншаваннях палітвязняў са святамі