Беларусы дапамагаюць беларусам: бясплатныя медыцынскія кансультацыі для людзей унутры краіны

Вольны Захад інфа ##Беларусы ў Польшчы
Беларусы дапамагаюць беларусам: бясплатныя медыцынскія кансультацыі для людзей унутры краіны

У Беларусі ўсё больш людзей сутыкаюцца з цяжкасцямі ў атрыманні медыцынскай дапамогі. Асабліва ў невялікіх гарадах і вёсках, дзе не хапае дактароў, а магчымасць звярнуцца ў прыватную клініку ёсць далёка не ў кожнага.

Каб дапамагчы нашым людзям, беларускія ініцыятывы запусцілі праект «Раёнка». Дзякуючы яму беларусы ўнутры краіны змогуць бясплатна і ананімна атрымліваць анлайн-кансультацыі беларускіх дактароў, якія маюць ліцэнзіі на працу ў Еўрасаюзе.

Праграма ў першую чаргу разлічаная на жыхароў малых гарадоў і вёсак, людзей у складаным матэрыяльным становішчы, бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей самастойна, людзей з інваліднасцю, былых палітвязняў і іх сем’і, а таксама іншыя ўразлівыя групы.

Станіслаў Салавей, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях аховы здароўя:
«Наша задача — дапамагчы пацыенту зразумець, што з ім, і, самае галоўнае, што яму рабіць далей, каб выціснуць максімум з таго, што ён можа атрымаць у Беларусі».


Кансультацыі будуць праходзіць у анлайн-чаце або праз аўдыязванкі па зашыфраваных каналах сувязі. Пры гэтым ні доктар, ні пацыент не будуць ведаць імёнаў адно аднаго».

Як працуе праграма?
Кошт адной кансультацыі — 30 еўра. Аплачваць іх будуць беларусы замежжа праз ахвяраванні. За першыя тры месяцы арганізатары плануюць сабраць 3000 еўра і забяспечыць 100 медыцынскіх кансультацый.

– Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі і маеце патрэбу ў медыцынскай дапамозе, вы можаце падаць заяўку на кансультацыю.
– Калі вы знаходзіцеся за мяжой і хочаце дапамагчы суайчыннікам, вы можаце падтрымаць праект ахвяраваннем.

«Раёнка» — сумесная ініцыятыва платформ «Тры сланы» і OkDoc, Фонду медыцынскай салідарнасці ByMedSol і Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Кантакт для сувязі: [email protected]