«Рускі мір — гэта такая нагода дакапацца да суседа»У інтэрв’ю Честнок-Live дарадца Святланы Ціханоўс…

Вольны Захад інфа

«Рускі мір — гэта такая нагода дакапацца да суседа»

У інтэрв’ю Честнок-Live дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч разабраў, як змянялася канцэпцыя “рускага міру”: ад культурнай супольнасці да інструмента палітычнага ціску, імперскай ідэалогіі і апраўдання вайны.

Галоўнае з інтэрв’ю:

Пра паняцце «рускі мір»
«Калі коратка, рускі мір — гэта такая нагода дакапацца да суседа. Само гэтае словазлучэнне “рускі мір” увёў у сярэдзіне 90-х рускі філосаф Пётр Шчадравіцкі. Першапачаткова гаворка ішла пра сеткавую супольнасць людзей, якія размаўляюць па-руску за межамі Расіі. Але ў 2007 годзе расійскі акадэмік Вадзім Цішкоў вызначыў “рускі мір” праз падтрымку палітыкі Расіі, Крамля і Пуціна. Больш за тое, ён пісаў, што калі ў краіне больш за 30% насельніцтва размаўляе па-руску, Расія павінна ціснуць на гэтую краіну, каб зрабіць рускую мову другой дзяржаўнай або дамагацца яе федэралізацыі. Пасля анексіі Крыма мы ўбачылі, як гэтыя ідэі рэалізоўваліся і ў Мінскіх пагадненнях: федэралізацыя Украіны і асаблівы статус рускай мовы».


Пра ідэалогію вайны
«Вельмі паказальны прыклад — Цімафей Сяргейцаў, вучань Шчадравіцкага, які ў 2022 годзе напісаў артыкул пра тое, што Расія павінна зрабіць з Украінай. Там ужо гаворка ідзе пра тое, што падчас вайны трэба забіць як мага больш людзей, а пасля — акупаваць Украіну, правесці “дэнацыфікацыю” і “дэўкраінізацыю”, забараніць назву краіны і знішчыць украінскія кнігі. Гэта ўжо ідэалогія знішчэння. Сюды ж трэба дадаць маніпуляцыю гісторыяй — напрыклад, артыкул Пуціна пра ўкраінцаў, дзе гістарычныя аргументы выкарыстоўваюцца для абгрунтавання палітычных мэтаў. І яшчэ адзін вельмі важны элемент — культ Перамогі, які трансфармаваўся ў культ вайны і гвалту. Мы бачым, як гэта апошнімі гадамі трапіла і ў Беларусь: дзіцячыя ваенныя парады, людзі ў камуфляжы, культ зброі і нават усталяванне помнікаў Калашнікаву».


Пра сілу і небяспеку ідэалогій
«З “рускім светам“ шмат розных нестыковак — праблема ў тым, што ён працуе. Гэтая сумесь розных ідэяў мае вельмі моцную здольнасць да палітычнай мабілізацыі. Далучэнне да імперыі дае чалавеку пачуццё ўласнай значнасці: з’яўляецца адчуванне, што табе ёсць справа да ўсяго свету і ты можаш дакапацца да ўсяго. Гэты імперскі светапогляд выхоўваўся дзесяцігоддзямі, асабліва ў апошні час. Я памятаю, як расійскае тэлебачанне паказвала разбураны Алепа, а замест размовы пра тысячы загінулых людзей паказвала прагноз надвор’я для расійскіх лётчыкаў, каб ім было добра лятаць і бамбіць. Вось так гэтая сістэма працуе — яна робіць гвалт звычайнай і амаль непрыкметнай часткай жыцця».