“Я мусіў выйсці ў чэрвені разам з Бяляцкім. Але нас у апошнюю хвіліну беларускія ўлады выкраслілі са спісаў і замянілі на іншых”. Экс-палітвязень Ігар Лосік расказаў, што яго рыхтавалі да вызвалення — перасталі караць за дробязі. І што ён упэўнены, што “Бабарыку і Калеснікаву таксама рыхтуюць — у бліжэйшую партыю”.
Лосіка выпусцілі з-за кратаў 11 верасня і разам з іншымі вязнямі вывезлі ў Літву. Перад тым ён паўтара года правёў у рэжыме інкамунікада — без размоваў са сваякамі і лістоў, хаця ў першы год зняволення атрымліваў па 50-70 лістоў за дзень.
Паводле былога палітвязня, не звар’яцець дапамагло ўсведамленне таго, што ён невінаваты. “А яшчэ, калі было вельмі дрэнна, я спяваў песні Ляпісаў і Вольскага”, — дадае Лосік.