30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў
Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая 20 снежня 2006 года Генеральнай асамблеяй ААН. Дакумент падпісалі больш за 100 дзяржаў. Беларусі сярод іх няма.
Тым часам праблема гвалтоўных знікненняў для Беларусі актуальная. У 1999 годзе ў краіне бясследна зніклі адразу два вядомыя апазіцыянеры — былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка і віцэ-спікер Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Ганчар, а таксама буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.
Улетку 2000 года бясследна знік аператар расійскага тэлеканала АРТ, былы асабісты аператар Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі. Родным і блізкім дагэтуль нічога невядома пра іх лёс.