​​«Ліст у турме — гэта як у звычайным жыцці выйграць тур на Мальдывы». Кацярына Барысевіч расказала …

​​«Ліст у турме — гэта як у звычайным жыцці выйграць тур на Мальдывы». Кацярына Барысевіч расказала як яе падбадзёрвалі лісты ад людзей падчас зняволення.

«Кожны дзень камера жыве тым, што чакае лісты, тэлеграмы, паштоўкі. Ты ведаеш: сёння нічога не прыносяць, але ўсё адно чакаеш. Хоць адзін сказ: “расцвёў бэз”. Чытаеш і ўсміхаешся. Цэлы дзень.

Шмат хто казаў: не трэба пасылак і перадач, толькі б прыходзілі лісты. Ліст у турме — гэта як у звычайным жыцці выйграць тур на Мальдывы. Адчуванні аднолькавыя.

Калі цішыня, дарослыя людзі плачуць. Пішыце! Пра ўсё, там так хочацца даведацца пра пазітыўныя навіны: прыляцелі буслы, каля дома адкрылася новая кавярня, хтосьці закахаўся або ажаніўся.

Раніцай дома знайшла паштоўку ад блізкага чалавека. Ён усё яшчэ за кратамі, але працягваў пісаць мне дадому да канца не разумеючы: выйду я ці не. Але ён вельмі верыў. Я выйшла. І раніцу пачала з веры. Накупляла паштовак і паслала іх з тэлеграмамі ў СІЗА. У нас ва ўсіх павінна быць вясна.

Усім, хто ўпарта і так шмат пісаў мне гэтыя паўгода, нізкі паклон. Лісты правезлі праз тры этапы, ніводнае не пакінула ў камеры».

Адрасы і спіс усіх палітвязняў, якім можна даслаць паштоўку або ліст bit.ly/3sSr3iL

Напісаць анлайн bit.ly/3jwJMLn