​​ Як прайшлі выбары на ўчастку, дзе сумленна падлічылі галасы і не заміналі працаваць назіральнікам…

​​ Як прайшлі выбары на ўчастку, дзе сумленна падлічылі галасы і не заміналі працаваць назіральнікам?

Гісторыя 6. Воля Турло

«Мне пашанцавала назіраць на ўчастку №27, што знаходзіўся ў раёне Новая Баравая каля Мінска. Пашанцавала не толькі таму, што я была рэальна дапушчаная да назірання, але і таму, што гэта быў участак з сумленным падлікам галасоў.

Агулам ад незалежных ініцыятываў на нашым участку было аж 13 чалавек: для нас стварылі адмысловы графік, дзе мы маглі запісацца на зручны для нас дзень і прамежак часу для прысутнасці. Магу толькі падзякаваць кіраўніку камісіі — ён выконваў фармальныя патрабаванні пра абмежаванне колькасці назіральнікаў да 5 чалавек, але адначасова даў магчымасць паўдзельнічаць усім зацікаўленым.

На нашым участку не было нейкіх жорсткіх парушэнняў. І ў датэрміновы, і ў асноўны дзень колькасць прагаласаваўшых у пратаколах і па нашых падліках супадала; з большага выконваліся ўсе фармальныя працэдуры, у нейкіх момантах нават улічваліся нашыя прапановы па арганізацыі працэсу. І што самае галоўнае, галасы былі падлічаныя сумленна.

Канешне, назіраць 9 жніўня было асаблівай асалодай: я пабачыла неверагодную колькасць натхненых і прыгожых людзей з белымі стужкамі, якія раз-пораз паказвалі нам і сэрцайкі.

Тым не меньш, абвяшчэння вынікаў я, як і сотні жыхароў Новай Баравой, што сабраліся вечарам каля ўчастка, чакала з заміраннем сэрца. А пачуўшы іх, мы яшчэ доўга пляскалі ў далоні і крычалі: “Дзякуй!”. Гэта былі неверагодна эмацыйныя хвіліны радасці. Фатаздымак пратакола, які сведчыць пра тое, што Cвятлана Ціханоўская набрала 85,7% галасоў, дагэтуль захоўваецца ў маім тэлефоне ў тэчцы “Абранае”».

https://youtu.be/wOUPbcjBuh8?t=124

#мычестныелюди #мывсевидели