Слова чабор унікальна беларускае. Яно — адзін з кодаў беларускай ідэнтычнасьці, тэст пазнаваньня «сваіх». А выраз «пахне чабор» ня толькі рамантычны, як у цэлым верш Петруся Броўкі. Ён і пра непераможнасьць і вечнасьць беларушчыны — як і выраз «Жыве Беларусь!»
Беларускае слова году выбіраюць ужо восьмы раз. Як і апошнімі гадамі, чытачы сацыяльных сетак разам з экспэртамі — журналістамі і мовазнаўцамі — вылучылі 10 словаў у «кароткі сьпіс», а потым выбіралі пераможцу. Галасавалі ў Фэйсбуку, Інстаграме, Тэлеграме, Ютубе чатыры тысячы зацікаўленых носьбітаў беларускае мовы.