САПРАЎДНЫ ВЫБАР БЕЛАРУСАЎДзень 27 лютага 2022 года быў асноўным днём “рэферэндуму” ў Беларусі.Паведа…

САПРАЎДНЫ ВЫБАР БЕЛАРУСАЎ

Дзень 27 лютага 2022 года быў асноўным днём “рэферэндуму” ў Беларусі.

Паведамленні пра парушэнні, пратаколы і звесткі пра тое, што адбывалася на ўчастках, яшчэ паступаюць і апрацоўваюцца. ZUBR аб’ядноўвае іх з дадзенымі з адкрытых крыніц і ад іншых ініцыятыў, ідзе іх сістэматызацыя. Але ўжо відавочна, што ў ходзе ў членаў камісій былі звыклыя маніпуляцыі, каб намаляваць патрэбныя рэжыму вынікі.

Усе гэтыя традыцыйныя прыёмы з падробкамі, укідамі, прыпіскамі, якія грамадзянскія кантралёры і назіральнікі зафіксавалі з дапамогай функцыяналу ZUBR, і за якія яшчэ ў 2020 годзе сябрам камісій належала крымінальная адказнасць, сёння з’яўляюцца па сутнасці дапамогай ваеннай агрэсіі.

Раніцай 27 лютага, праз тры дні пасля нападу Расеі на Украіну, падчас якога выкарыстоўвалася і тэрыторыя Беларусі, да беларусаў звярнуўся Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён заявіў пра тое, што добрасуседскія адносіны беларусаў і ўкраінцаў пад велізарнай пагрозай і прапанаваў беларускаму народу зрабіць свой выбар.

Беларусы прыйшлі на ўчасткі. Беларусы заявілі пра свой выбар.

Яны не толькі масава ставілі крыжыкі ў бюлетэнях, выказваючы свой пратэст супраць так званага “рэферэндуму”. Сабраўшыся разам на ўчастках, беларусы выйшлі і выказаліся супраць вайны. І надпісамі на бюлетэнях. І голасна і гучна.

Менавіта гэта і ёсць галоўны вынік дня 27 лютага.

Заява ZUBR на рускай мове: https://zubr.in/

Абнаўленне ад 28.02.2022: па дадзеных МУС Беларусі, за антываенныя пратэсты 27 лютага па Беларусі затрымана блізу 800 чалавек.