Беларусь і Белоруссія Ёсьць такая Белоруссія. Яна намёртва адбілася ў мазгах тых, хто з розных абста…

Беларусь і Белоруссія

Ёсьць такая Белоруссія. Яна намёртва адбілася ў мазгах тых, хто з розных абставінаў (узрост, тупая Настальгія, уплыў старэйшых, асяродку на працы, прага кар’ернага росту, проста апантанасьць) ня здолеў ухіліцца ад саўковай заразы.

Гэтыя атручаныя людзі ўспрымаюць сьвет дагары нагамі, наадварот: чорнае ў іх — белае, зло ў іх — дабро, масавае зьнішчэньне людзей – вызвольная апэрацыя, нацыянальная самаідэнтыфікацыя нацызм, дзяржаўны фашызм – парадак і і стабільнасьць, ва ўсім вінаватыя жыдамасоны зь іхняй сусьветнай змоваю, а “Чорны квадрат” Малевіча чуш какая-та, я і сам такое нарысую.

Гэтых людзей ня так ужо й багата – у адсоткавым вымярэньні. Але. Ёсьць адна акалічнасьць. Калі ты хочаш рабіць кар’еру ў РБ (быць дэпутатам, вэртыкальшчыкам, дзяржаўным моладзевым лідэрам, журналістам дзяржаўнага выданьня ці тэле-радыё, дыпляматам, супрацоўнікам міністэрства ці нааат нейкага ЖРЭА, я ўжо не кажу пра ўсю багатую палітру сілавых і калясілавых структураў) – ты мусіш прайсьці праз iн’екцыю Белоруссіяй. Інакш ты будзеш заўжды на паўпадпольным становішчы: ня член праўладнага саюза пісьменьнікаў — значыцца, не пісьменьнік, не сьпяваеш “за Стабільнасьць” не сьпявак, выказваесься супраць таго, што ўлада Белоруссіі паламала людзям рукі, ногі і жыцьці ня лекар. І – далей па гэтай схеме.

Такім чынам, іх ня так ужо й шмат, але яны ва ўладзе. Яны фармуюць унутраную ды зьнешнюю палітыку, міжнароднае аблічча дзяржавы, ейны імідж і рэпутацыю. Яны заўжды з Расеяй, бо Белоруссія ня можа быць без Россіі, тым болей – а раптам некалi надарыцца магчымасьць ускочыць туды ва ўладу і тады ўжо раскрыцца напоўніцу?

Белоруссія гвалтуе забівае і катуе беларусаў і і гаворыць, што гэта “во благо”. Белоруссія саджае замежны самалёт і гаворыць: ён сам сеў, хаця нармальныя людзі, не белоруссіанцы, выдатна разумеюць, што і як адбылося.

Белоруссія ініцыюе правакацыі на межах, масава транспартуе на гэтыя межы мігрантаў і цынічна пытаецца: а чаму вы гэтых бедных людзей не пускаеце, пракляты калектыўны захад?

Белоруссія рэгулярна абражае лідэраў суседніх краінаў і заходняга сьвету, а ейныя ланцуговыя псы-прапагандысты брэшуць так, што ў іх ледзьве вантробы не вывальваюцца.

Урэшце Белоруссія саўдзельнічае ў расейскай вайне – пускае да сябе войскі агрэсара і ўхваляе запуск ракетаў і ўзьлёты самалётаў з тэрыторыі Беларусі і адчыняе межы для праезду ва Ўкраіну варожай тэхнікі.

Белоруссія дае беларускую чыгунку для транспартаваньня расейскай зброі, але – дзякуй Богу! — Беларусь распачынае рэйкавую вайну, і варожая тэхніка ня вельмі транспартуецца, але оркі Белоруссіі ахоўваюць рэйкі, і сярод беларускіх партызанаў ёсьць ахвяры.

Калі за ўвесь гэты букет подласьцяў ды мярзотаў Белоруссія атрымлівае букет санкцыяў у адказ, дык робіць пакрыўджаны твар і гаворыць: дык вось вы якiя?! Усё, я з вамі не сябрую! Вы – падлюкі і з мярзотнікі, адна я, Белоруссія, сумленная і добрая, ну, і яшчэ мая старэйшая сястра.

На цяперашні момант Беларусь акупаваная Белоруссией, а за Беларуссіей мроіцца – у чырвона-зялёным балахоне з капюшонам, зь сярпом у адной кашчавай руцэ і молатам у іншай – i прывід БССРу.

Лявон Вольскі

РазМова