СТАРЭНЬНІ ШАЛІК ШУШКЕВІЧА З таго, што зрабіў Станіслаў Шушкевіч, самым вялікім ягоным дасягненьнем б…

СТАРЭНЬНІ ШАЛІК ШУШКЕВІЧА

З таго, што зрабіў Станіслаў Шушкевіч, самым вялікім ягоным дасягненьнем бачыцца падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, якія паставілі кропку ў існаваньні СССР.

І гэта будзе ўпісана (ужо ўпісана) ва ўсясьветную гісторыю.

З таго, што мог бы зрабіць, але не зрабіў — не перашкаджаць ініцыятыве БНФ правесьці датэрміновыя выбары ў 1992 годзе новага парлямэнту (што было лягічна: новая краіна — новая ўлада).

Перакананы, што новы парлямэнт быў бы куды больш дэмакратычным і лёс Беларусі склаўся б інакш. Ва ўсялякім разе, чалавек з прозьвішчам Лукашэнка ўплываў бы на гэты лёс у мінімальнай ступені.

Будучыя біёграфы і гісторыкі дадуць аб’ектыўныя ацэнкі Шушкевічу як палітыку, сёньня ж хачу сказаць пра абсалютна для мяне бясспрэчнае: ён быў чалавекам, які ўспрымаў уладу як магчымасьць нешта зрабіць і на нешта паўплываць, а не як спосаб палепшыць сваё матэрыяльнае і фінансавае становішча. Вельмі-вельмі рэдкая якасьць.

Праілюструю гэтае сьцьвярджэньне радкамі, якімі завяршаю кнігу «Дзевяноста трэці».

«… Як і іншыя дэпутаты Апазыцыі БНФ, я ня ўдзельнічаў у галасаваньні 26 студзеня 1994 года за адстаўку Шушкевіча. Мы ўвогуле не апускалі бюлетэні ў скрыні, хаця і разумелі па настроі большасьці дэпутацкага корпусу, што гэтым разам нам ня ўдасца заблякаваць галасаваньне. Калі позна ўвечары старшыня падліковай камісіі абвясьціў сумныя для Шушкевіча вынікі, паседжаньне сэсіі скончылася, і Шушкевіч выйшаў у бакавыя дзьверы за прэзыдыюмам — звычайна ён пакідаў свае рэчы ў пакоі за Авальнай заляй (кабінэт старшыні быў ужо ў будынку былога ЦК).

Я пайшоў усьлед за Шушкевічам. Спачатку я хацеў выказаць заўвагі адносна ягонага выступу перад галасаваньнем (выступ сапраўды быў ня самым удалым), але калі ўжо ўвайшоў у пакой, проста выказаў спачуваньне. Шушкевіч ужо быў у паліто і зьбіраў у папку паперы, а потым апрануў шалік.

Гэта быў ісьляндзкі шалік шэра-крэмавага колеру са сьветлымі палоскамі на канцах, якія ў пачатку 80-х завезьлі ў Савецкі Саюз у даволі вялікай колькасьці (невядома, зь якой нагоды — здаецца, «калашнікавы» ў Ісьляндыю Масква не пастаўляла). Набыць яго можна было толькі «па знаёмстве», але ён быў даволі распаўсюджаны.

Я глядзеў на гэты стары шалік, які папраўляў на сабе чалавек, што яшчэ чвэрць гадзіны таму быў кіраўніком дзяржавы, і адчуваў, наколькі абсурдным было абвінавачваньне яго ў карупцыі з вуснаў сіпатага дырэктара саўгаса. Я дакладна ведаў, што некаторыя намесьнікі старшынь аблвыканкамаў клалі сабе ў кішэню сотні тысяч даляраў хабару за ліцэнзіі на рээкспарт нафты, што «актывы» аднаго з віцэ-прэм’ераў ацэньваліся ў дваццаць мільёнаў даляраў, што сотні менш значных чыноўнікаў мелі фірмы, якія штомесяц прыносілі ім даходы ў дзясятак разоў большыя за афіцыйныя зарплаты — і ўсё гэта мог мець ён, кіраўнік дзяржавы. Мог, пры жаданьні. Але не захацеў, і вось цяпер сыходзіць, маючы тое, з чым і прыйшоў на вышэйшую пасаду.

Была ў гэтым нейкая вялізная несправядлівасьць, адчуваньне якой абвастрылася потым, калі той дырэктар саўгасу стаў прэзыдэнтам і разам са сваім атачэньнем паказаў зусім іншыя спосабы жыцьця і іншы ўзровень уласнага дабрабыту.

Каля я вяртаўся ў Авальную залю, думаў пра тое, што яшчэ пару гадзінаў таму, калі б Шушкевіч патэлефанаваў Ельцыну і папрасіў падтрымкі (а Шушкевіч падтрымаў Ельцына ў крытычныя для таго дні восені 93-га) — расейскі прэзыдэнт адным званком Кебічу мог бы спыніць тое, што адбылося ў Авальнай залі. Але цяпер было ўжо позна”.

Зямля Вам пухам, Станіслаў Станіслававіч. Вечная памяць.
https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31833769.html