На 4 траўня ў Беларусі налічваецца 1165 палітвязняў, якія асуджаныя на розныя тэрміны абмежавання ці пазбаўлення волі, або ўтрымліваюцца ў СІЗА ў чаканні суда.
Зразумела, што вайна ва Украіне вельмі жахлівая і забірае ўсю ўвагу і эмоцыі. З вялікай верагоднасцю, нягледзячы на інфармацыйны вакуум, вязні ведаюць пра падзеі ў суседняй краіне і пра тое, якое месца ў іх займае беларускі рэжым. Цэнзура лістоў у месцах зняволення стала больш жорсткай.
Пачуццё шоку, бяссілля і неразумення, што можна зрабіць і як дамагачы ўкраінцам працінае шматлікіх беларусаў. Можна ўявіць, што такія ж эмоцыі адчуваюць і палітвязні, але яны не могуць нават бесперапынна гартаць стужку навінаў, рабіць рэпосты і дзяліцца ўсёй карыснай інфармацыяй. Таму падтрымка ім важна зараз як ніколі!
Калі ласка, працягвайце пісаць палітвязням лісты салідарнасці, а тым, хто знаходзіцца пад следствам, таксама можна дасылаць пасылкі і бандэролі. Так яны не будуць адчуваць сябе пакінутымі ў гэтыя часы, а сістэма зразумее, што нягледзячы на жахлівыя падзеі, падтрымка палітвязняў беларускім грамадствам не змяншаецца.
І хоць зараз цяжка знайсці патрэбныя словы, а актуальныя навіны не прапусціць цэнзура, нават маленькая паштоўка — вялікая падтрымка для тых, хто знаходзіцца за кратамі! Гэта таксама падтрымка і для сябе, бо дапамагаючы іншым, адчуваеш сваю неабходнасць — надзейны спосаб вытрываць усё, што з намі цяпер адбываецца.
Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці; ініцыятыву “Вклеточку” і письмо.бел
Наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — prisoners.spring96.org
Карысныя спасылкі:
Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”
“Наша сіла — у салідарнасці!” Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням
“Хачу напісаць вязню!” Распавядаем, як гэта зрабіць