Купа́лле (Ноч на Івана Купалу) — старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастая…

Купа́лле (Ноч на Івана Купалу) — старажытнае народнае земляробчае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем, з росквітам прыроды і летняй цеплыні. Адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Ва ўсходніх славян Купалле ўпершыню згадваецца ў Цвярскім летапісе пад 1175 г., у Іпац’еўскім летапісе — пад 1262 г., у старабеларускіх граматах — з XIII—XIV стст. Захаваўся надпіс на сцяне Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, дзе згадваецца назва свята. Прадстаўнікі фалагічнай школы лічылі Купалле святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Таксама ёсць меркаванне, што свята прысвячалася богу Ярыле, які нібыта памірае ў купальскі дзень, каб зноў адрадзіцца вясною на будучы год.
Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з Купалле дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліпеня (24 чэрвеня с. ст.). Традыцыя Купалля на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. ХХ ст. У наш час існуе як традыцыйнае народнае свята без абрадавай дзейнасці.

Купалле мела карнавальна-экстатычны характар. Свята характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і аграрнай варажбой.

Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Купальскія вянкі, сплеценыя з розных кветак, лічыліся магічнымі. Людзі верылі, што іх моц толькі ўзрастае, калі асвяціць іх у царкве ці касцёле. Калі нехта хварэў, з іх гатавалі адвары ці абкурвалі імі хворага.

Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча, да якога рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У некаторых мясцінах у полымя кідалі старыя вуллі, каб пчолы былі здаровыя і прыносілі мёд. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежыла вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе пудзіла Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай ці Ведзьмай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш.

Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. У ноч а 12-й гадзіне зацвітае папараць-кветка. Хто знойдзе яе — атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі клады і разумець мову звяроў. Каб адшукаць яе, трэба выправіцца ноччу ў лес аднаму і зайсці ў такі лясны гушчар, каб не чуць ні пеўняў, ні сабак з навакольных вёсак. Папараць-кветка маленькая, але яна ззяе ў цемры яскравым агеньчыкам

Адначасова Купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Яны ператвараліся ў жаб, змей, прабіраліся ў хлеў, шкодзілі жывёлам

Раніцай пасля Купальскай ночы дзяўчаты і хлопцы сустракалі світанак, назіралі, як сонца «грае» (пераліваецца рознымі колерамі, дзеліцца на кругі), купаліся ў вадзе, каталіся па траве з купальскімі росамі, каб набрацца сілы.