Рух Воля дзякуе беларусам за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду і падтрымку

Блёк Воля #Палітыка

Вольныя беларусы, дзякуем кожнай і кожнаму з вас!

Мы ведаем, браць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду гэтым разам было асабліва цяжка. Ціск і пагрозы з боку лукашэнкаўскага рэжыму, стомленасць ад гадоў барацьбы, расчараванне праз адсутнасць выразных вынікаў – усё гэта рэчаіснаць, у якой давялося рабіць свой выбар.

І нягледзячы на гэта Вы прагаласавалі!

Тым больш каштоўным для нас ёсць кожны з Вашых галасоў. Аддадзеныя за Рух Воля галасы гэта ня проста лічба ці колькасць мандатаў у Каардынацыйнай радзе. Для нас гэта непахісны падмурак, увасабленне будучай Вольнай Беларусі. Вы не зламаліся. Вы не здаліся. Вы натхняеце нас ісці далей у нашым агульным змаганні.

Дзякуем за давер. Дзякуем за тое, што Вы з намі.

Рух Воля працягвае сваю працу. Мы ішлі на гэтыя выбары з выразнай пазіцыяй, што беларусам патрэбныя не толькі словы, але і ўласныя інструменты дзеяння. Бяспека, нацыянальная суб’ектнасць, дапамога беларускім ветэранам, падрыхтоўка да вызвалення Беларусі, Беларуская вызвольная армія – гэта праца, якую мы будзем рабіць у складзе Каардынацыйнай рады IV склікання дзякуючы Вашай падтрымцы.

Жыве Беларусь!