пра сутнасьць калябеларускай дыпляматыі
Для беларускіх нацыянальных інтарэсаў трэба ліквідаваць заходнюю блакаду нашай краіны, параліч гандлю і нацыянальнай эканомікі з боку Эўропы. У нацыянальных інтарэсах — трэба адрываць Беларусь ад Расеі (калі казаць прагматычна і з гледзішча ваеннай тактыкі – спрыяць памяншэньню залежнасьці Лукашэнкі ад Масквы), даць магчымасьць народу Беларусі кантактаваць з заходнімі партнёрамі.
У гэтай сытуацыі важна адчыніць дарогу для гандлю з Захадам беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі. Тут зацікаўлены рэжым, але яно найперш неабходна беларускай дзяржаве і беларускім нацыянальным інтарэсам.
Балтыйскія краіны, на жаль, (асабліва Летува) вымушаны захоўвацца як верныя васалы палітыкі Брусэлю і не даваць дарогі беларускаму гандлю праз свае балтыйскія парты.
Цяпер намеціўся прарыў з Латвіяй. Джон Коўл прыехаў туды і паводле «The New York Times» адкрыта паведаміў, што «Здзелка па калійных угнаеннях знаходзіцца ў вельмі добрым стане, каб арганізаваць пастаўкі калію зь Беларусі ў ЗША — гэтага хоча прэзыдэнт Трамп».
А яшчэ газэта зрабіла сымптаматычную зацемку пра больш прагматычны падыход Трампа да Беларусі, «якую Эўропа хацела ізаляваць». («The deal is part of the Trump administration’s more transactional approach to a close Russian ally that Europe has tried to isolate»).
Брусэль, аднак, не застаўся ў баку. У выніку латышскае кіраўніцтва не пайшло насустрач Амэрыцы, выказалася супраць паставак беларускіх калійных угнаеньнў праз Латвію.
Але што цікава ў гэтай сытуацыі – Брусэль актыўна задзейнічаў сваё купленае «проксі» — «Офіс СЦ» і праз яго даводзіў сваю катэгарычную пазыцыю для латвійскага кіраўніцтва.
Асабіста гэтым займаўся афіцыйны функцыянер ОСЦ Дзяніс Кучынскі. Перад самым прыездам Коўла яго паслалі ў Рыгу, дзе ён «правёў кансультацыі з галоўным дарадцам прэм’ер-міністра Латвіі па міжнароднай палітыцы і прадстаўнікамі МЗС» (гл. «наша ніва»), а ў дзень візіту Коўла ён быў «на пастаяннай сувязі з латвійскімі калегамі».
«Офіс СЦ» аказваецца не такая ўжо ардынарная грантавая «проксі-штучка», калі яго фунуцыянерам таварышы з Брусэля даручаюць такія апэрацыі.
Вынік: дыпляматыя Коўла ў Латвіі правалілася. Цытата: «Латвійскія партнёры яшчэ раз пацьвердзілі мне («мне» — гэта значыць Дзянісу Кучынскаму, чытай Брусэлю), што пазыцыя Латвіі застаецца пасьлядоўнай і … адносна захаваньня палітычнага і санкцыйнага. Гэта датычыцца і эканамічнага ціску, у тым ліку калійнага пытаньня» (гл. «наша ніва»).
Словам (прабачце за эўфемізмы), – сядзіце, беларусы, ў сваім маскоўскім геце, якое мы з Расеяй стварылі для вас і ня адзывайцеся, а ты, пракляты нелегітымны дыктатар, паўзі ракам ў сваю Маскву і прадавайся! Ніякай дыпляматыі з дыктатарам! Ніякіх дачыненьняў зь Беларусяй! Санкцыі на вас на ўсіх!
Нешта падобнае мы ўжо ў сваёй гісторыі перажывалі 200 гадоў таму. Але ня буду пра гісторыю. Сувязь з Брусэльскай палітыкай і халуйская роля ОСЦ тут відавочная, не патрабуе доказаў. Але цікава іншае, тое, што ня мае наўпроставых доказаў, акрамя рускамірскага ды газпрамаўскага паходжаньня ОСЦ.
Закрыцьцё балтыйскіх партоў, ізаляцыя Беларусі ад Захаду, зьнішчэньне беларускай калійнай вытворчасьці конча патрэбнае Расеі і расейскім агрэсіўным інтарэсам у Беларусі. І хто ведае адкуль такая надзвычайная і легальная актыўнасьць у рэзідэнтуры ОСЦ, ды яшчэ і справаздачнасьць аб дзеяньнях у пэўных «дэмсмі». Падзяліліся посьпехамі. Можа і добра, што падзяліліся, каб народ не забыўся пра сваіх герояў.
Зянон Пазьняк
18-09-2026 г.
Пост скрыптум.
Адразу хачу папярэдзіць разумных людзей, каб не засяроджваліся на бяздарных нападках расейска-брусэльскіх прапагандыстаў, якія пачнуць абараняць рэзідэнтуру ды сьпяваць сваю хлусьлівую песьню пра «удзел» у вайне супраць Украіны ды пра «суагрэсара». Нават тэрміна такога не існуе ў міжнародным праве адносна Беларусі. Не «суагрэсар» і не ваюе Беларусь з Украінай. (Пра ўсю гэтую антыбеларускую прапаганду яшчэ будзе сказана.)