Гэта дыскусія вельмі гіпатэтычная, я спадзяюся, што нічога падобнага не станецца. Доказ гэтаму – вельмі мудрая палітыка Ўкраіны адносна Беларусі ўсе гэтыя 4 гады вайны. Бо Кіеў выдатна разумее патэнцыйныя рызыкі. Але, здаецца, не разумеюць некаторыя беларусы. Дык давайце дыскутаваць.
Логіка Змітра і прыхільнікаў яго погляду простая: Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну, таму час адказваць. Дык а хто супраць? Але нагадайце, хто ставіць такую мэту? Украінская армія будзе змагацца супраць Лукашэнкі і вызваляць Беларусь? У яе ёсць больш важная задача – яны бароняць Украіну.
Зьміцер мяркуе, што праз баявыя дзеянні хутчэй надыйдзе развязка жаху беларусаў. А хто іх вызваліць? Можа беларускія добраахвотнікі арыштуюць Лукашэнку і вызваляць Беларусь? Нагадаю, беларусы ва Ўкраіне ваююць ва ўкраінскіх фармаваннях, ствараць асобнае беларускае Кіеў ім не дазволіў. І іх колькасць увогуле зараз вельмі сумнеўная.
Які ўвогуле разлік на баявыя дзеянні ў Беларусі? Што няхай пачнецца, а там нешта будзе? Шыкоўны план. Але наш гістарычны лёс паказвае, што любая вайна для нас – маленькі канец свету. Мы ў войнах разменная манета. Пасля іх мы мусім усё пачынаць ад пачатку.
Можа абставіны спрыяюць? Пуцін на каленях і Лукашэнка ў поўнай адзіноце? Ну, ну…
Украіна ваюе паспяхова, бо там дзяржава і народ за адно, яны і ёсць адно. Таму беларусы хутчэй ідуць ваяваць за Ўкраіну, бо там усё ясна, мільёны за свах салдат. Хто ў Беларусі ўяўляе сілу, якая будзе прадстаўляць, назавем гэта, вызвольны рух? Краіна шэсць год жыве ва ўмовах тэрору, калі людзі баяцца глядзець ютуб. За мяжой беларусы не здолелі стварыць нават “Паспалітае рушанне”, па факце спартыўны клуб, дзе можна качацца, каб пасля вызваляць Беларусь. Сахашчык хацеў ствараць войска? І? І без яго хацелі іншыя. І? Няма сілы. Можа некалі будзе. А зараз няма.
Адказваць мусіць Лукашэнка, але кроў праліваць давядзецца не яму, а нашым сваякам і сябрам, якія ў Беларусі. Тым, сярод якіх абсалютная большасць супраць вайны і рэжыму. Як лёгка, сябры, мы распараджаемся крывёй іншых. Любая вайна на нашай зямлі хутка ператваралася ў грамадзянскую. Усё рэзалі ўсіх навокал. Усё стаяла ў агні, бо кожны хацеў уратавацца, а любому войску было начхаць на гэтых людзей. Чаму вы думаеце, што зараз будзе інакш? Мала таго, што пасля 2020 года рэжым паламаў хрыбет нацыянальнай эліце, баявыя дзеянні даб’юць яе дашчэнту. Бо найперш Расея зоймецца ёю. Нас гэта ўсё адкіне на пакаленні назад.
Калісьці Юзаф Пілсудскі казаў свайму атачэнню незадоўга да смерці: Хаця не лезце ў ніякую вайну, бо без мяне вы яе прайграеце. Тут не трэба быць Пілсудскім, каб упэўнена сказаць: Беларусь (не Лукашэнка ці рэжым), а менавіта Беларусь, прайграе. Будзе разбураная эканоміка, будуць забітыя і яшчэ больш траўмаваныя людзі, мільёны ўцякуць на захад ці ўсход. Вы думаеце Захад нам дапаможа? Вы спрабавалі зрабіць хаця б візу сваім сваякам у Беларусі??? І гэта пасля гучных слоў усе 6 год пра безумоўную падтрымку беларусаў. Забудзьцеся!
Які ва ўсім гэтым сэнс? Каб у мільённы раз ускласці адказнасць на Лукашэнку і сказаць, што гэта ён вінаваты, бо ён злачынец? Дарагія, а вы гэтага не ведалі? Вам трэба Беларусь у агні, каб у мільён-першы раз прагучала, што вінаваты Лукашэнка?
Калі нехта марыць, што такі сцэнар дапаможа хутчэй вярнуцца дадому, ёсць адно і вельмі рэалістычнае рызыка: гэтага дому можа проста не быць фізічна.