Тут скажу пра сутнасьць справы коратка, бо тлумачыць ужо няма сэнсу.
Заява прэзыдэнта Украіны спадара Зяленскага (19-06-2026) аб намерах зьнішчэньня чатырох расейскіх рэтрансьлятараў палёту дронаў, разьмешчаных на дахах жылых дамоў у Беларусі і ў сытуацыі, калі Расея інтэнсіўна шукае спосабу ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў вайну, — такая заява ёсьць стратэгічнай памылкай, небясьпечнай для Украіны і Беларусі. (Тым больш, улічваючы правакацыю Расеі з нападам дрона на беларускі аўтобус зь дзецьмі ў Бранскай вобласьці).
Пасьля такой заявы Маскве толькі застанецца падрыхтаваць правакацыйны напад нібыта з боку Украіны і ўдарыць па сваіх рэтрансьлятарах у Беларусі, абвінаваціўшы Украіну ў агрэсіі. (Альбо могуць пачакаць пакуль з Украіны самы ўдараць, але, практычна, гэта нерэальна, таму чакаць ня будуць і хутчэй за ўсё скарыстаюць магчымасьць).
Наступны этап — увядзеньне расейскіх войскаў у Беларусь у дапамогу “брацкаму” рэжыму Лукашэнкі супраць “украінскай агрэсіі” (так гэта будзе заяўлена і так гэта будзе расцэнена на самай справе).
Чарговы этап — расейцы адчыняюць у Беларусі вялы паўночны фронт і абменьваюцца ўдарамі з Украінай. На гэтым этапе задача Масквы будзе ў тым, каб рукамі Украіны максымальна панішчыць Беларусь.
Апошні этап, дзеля чаго Масква ўвесь час хацела і хоча ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў вайну, — гэта каб за плячыма свайго сатрапа і марыянэткі Лукашэнкі нанесьці ад яго імені атамны ўдар па Украіне (кропкавы ці масавы — гэта ўжо ня мае значэньня, у Лукашэнкі пытацца ня будуць). “Арэшнік” завезены, а ядзерку завязуць за адну ноч. На гэтым вайна заканчваецца.
Вынік. Зьнішчана (захоплена) Беларусь (якая ўжо ня будзе дзяржавай) і зьнішчаная Украіна, якой Расея прад’явіць яшчэ рахунак плаціць па рэпарацыях за “ваенныя злачынствы”. Ядзернага ўдару па Беларусі (і тым больш па Расеі) ні Амэрыка, ні Францыя, ні Вялікабрытанія рабіць ня будуць.
Перапалоханая “эўрапейская супольнасьць” пастараецца навязаць дамоўленыя стасункі з Расеяй у новай геапалітычнай карціне сьвету і адначасна яна асудзіць і пракляне Беларусь (“белорусскій рэжым” — так агентура ў Эўропе называе антыбеларускі рэжым Лукашэнкі), як «спраўцу» ядзернай вайны і як ахвярнага казла ў гэтым расейскім злачынстве.
Тут выпадак калі неабдуманая памылка ў заяве, зробленая ў неадпаведным часе, можа выклікаць ланцуг фатальных наступстваў для Украіны і Беларусі.
Зянон ПАЗЬНЯК
— Дэпутат Незалежнасьці, кіраўнік Парляманцкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, Палітычны лідар Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”.
22-06-2026 г.
——————————-
П. С.
Расея як краіна з самым магутным патэнцыялам ядзернай зброі і з фашысцкм рэжымам улады ня зможа дапусьціцца прайграць вайну з дзеяньнямі на сваёй тэрыторыі, калі на карту будзе пастаўлена гэбоўска-фашысцкая “уласьць”. Тут не «экспедыцыйная вайна», якую часам вяла і без наступстваў праігрывала Амэрыка. Тут тэрытарыяльная вайна. Перад небясьпекай пройгрышу Расея можа задзейнічаць атамную зброю.
Каб станоўча закончыць такую вайну, ад Украіны ў гэтых умовах акрамя гераізму (які ўкраінцы моцна прадэманстравалі) вымагаецца асаблівае веданьне непрыяцеля (Расеі), тактыкі дзеяньняў і прадуманага падыходу ў палітыцы. Пра гэта не кажацца. Тое разумее прэзыдэнт Трамп. І вось аказваецца не для ўсіх яно і зразумела.
П.П.С.
Пытаньне таксама як пазьбегнуць дрэннага выніку, які можа выклікаць апісаны намі нацыянальна-апакаліптычны сцэнар.
Варыянтаў шмат, але ўсе яны тэарытычныя. Рэальна пытаньне, справакаванае заявай спадара Зяленскага, можа быць разьвязана, калі ўмяшаюцца спадары Трамп і Сі Цзіньпін, і пры ўмове, што Масква дэмантуе і забярэ свае рэтлянсьлятары (альбо калі спрацуюць беларускія партызаны, што малаверагодна).