Паралельны сусветПакуль адныя трацяць, ужо нават не хаваючы, грошы на ўсякую, прабачце, нікому не па…

Канал Шукаем Беларусаў #Навіны_суполак #Палітыка

Паралельны сусвет

Пакуль адныя трацяць, ужо нават не хаваючы, грошы на ўсякую, прабачце, нікому не патрэбную, бздуру; тыя, хто паверыў некалі гэтым людзям, кожны дзень апынаюцца на мяжы выжывання.

Я цудоўна без іроніі разумею, што кангрэсы, выбары на тры чалавекі і паездкі ў Давосы, Харватыі, Арменіі — гэта іншае і з іншых фінансавых крыніц. Я цудоўна разумею, што гэта зусім не тыя грошы, што пайшлі б на дапамогу людзям. Я нават больш скажу: я сама супраць таго, каб людзям проста так раздавалі грошы, як гэта робіць Германія, напрыклад. Але ж не ў крытычных выпадках. А менавіта гэтыя крытычныя выпадкі я бачу ў 90% збораў на Байсоле.

Я цудоўна памятаю, як Беларускі дом у Варшаве прасіў цягам двух месяцаў прынесці ім прасціны, патэльні ды нават «мужчынскія трусы памеру L». І на фоне маёй памяці ўсе гэтыя траты на канферэнцыі і падарожжы выглядаюць не інакш як банальны здзек.

Канферэнцыі ды нават «гульні» маглі б мець сэнс у адным выпадку: калі б нешта пасля гэтага змянялася. Але ж пасля гэтага змяняецца толькі адно: новы нумар справаздачы для грантадаўцаў, каб атрымаць новы грант, і так па коле.

Я нічога не бачу дрэннага ні ў мерапрыемствах, ні ў грантах, ні ў 2,5-хвілінных рукапацісканнях Макрону, калі б гэта сапраўды несла нейкі сэнс.

Але.

У мяне стойкае адчуванне ўжо 4 год, што калі заўтра ўсе-ўсе арганізацыі ліквідуюць, для простага беларуса не з «тусовачкі» не зменіцца зусім нічога. Бо звычайныя беларусы, нават самыя пратэсныя, ужо і вазню апазіцыі ў СМІ не чытаюць амаль, бо які сэнс чытаць пра боль, што некага зноў затрымалі, ці пра тое, як нейкі Пятроў спрачаецца пра неабходнасць квот для квіраў у нікому невядомай партыі «Рогі ды капыты».

Мне проста брыдка і агідна глядзець, у што ператварылася мара шматмільённага народа пра светлую будучыню. А на парозе вайна, да якой няма нікому справы. Два (ужо нават тры!) паралельныя сусветы адной галактыкі, якія з кожным днём усё больш аддаляюцца адзін ад аднаго.

У каментарах скрыншоты для параўнання