Сацыялачка па-беларуску ці як мы зноў нікому не патрэбныяЦікавыя рэчы адбываліся ў апазіцыі падчас в…

Сацыялачка па-беларуску ці як мы зноў нікому не патрэбныя

Цікавыя рэчы адбываліся ў апазіцыі падчас вызвалення палітвязняў.

Пачнем з таго, што ў гэты візіт нават у вузкіх колах загадзя не было ніякіх зліваў аб тым, каго і колькі чалавек вызваляць. Гэта сведчыць пра а) гэта умова рэжыму Лукашэнкі б) адсутнасць рэальна блізкіх крыніц да каманды Трампа.

Меркавана, у сераду ў Вільні адбылася сустрэча некага з апазіцыі са спадаром Коўлам. Ён паказаў спісы палітвязняў, за якіх яны будуць найбольш актыўна выступаць на перамовах. Ігар Лосік чамусьці вырашыў, што гэта спіс вызваленых, і хутка-смачна, з пылу з жару, апублікаваў іх. Але таксама хутка выдаліў (дадам тыя спісы з яго канала ў каментары). Акрамя таго, у сераду Ігар пісаў пра вываз палітвязняў з калоній у Наваполацку і Магілёве. Потым высветлілася, што нікога (наколькі мне вядома) з Наваполацка не вызвалілі. Гэта другі пракол. У чацвер, на момант прыезду Коўла ў Мінск, Ігар Лосік пісаў пра магчымае вызваленне Пачобута і Александрава.

Пра колькасць вызваленых, дарэчы, Ігар апынуўся правы. Думаю, гэтая лічба гучала на сустрэчы як задача, якую ставіць перад сабой каманда Трампа ад гэтага візіту. Але ж… Я таксама ўгадала колькасць без інсайдаў, бо Лукашэнка стаў прадказальным за столькі гадоў назірання за ім (скрын пра маю ўгадку ёсць у твітары, каму патрэбна).

Пад час саміх вызваленняў адказная па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская журналістам пракаментавала, што спісы некарэктныя, але ў чым менавіта некарэктныя — не патлумачыла. Так Вольга, а дзе на сённяшні дзень спісы ад вас? Дзе вашыя дадзеныя, да каго ісці родным палітзняволеных, каб спраўдзіць карэктную інфармацыю? Воля, у цябе быў мой кантакт, можаш напісаць.

Наогул, дзіўныя рэчы адбываюцца вакол сацыяльнай палітыкі. 19 сакавіка, у дзень вызвалення, у канале АПК было два пасты: рэклама гарачай лініі «Вясны» і фотка палітвязняў з Джонам Коўлам. Усё. Больш ніякіх каментароў. Гэта атрымліваецца, што пра палітвязняў сацыяльны блок АПК ведае толькі тады, калі Коўл ужо з імі мяжу перайшоў? На выходных пасля вызвалення ад «міністэркі» таксама не было ніякіх навін, яна чамусьці паехала ў Варшаву вучыцца накладваць турнікет.

А ўчора былы палітвязень Андрушкевіч выйшаў на сухую галадоўку пад амерыканскую амбасаду ў Вільне. Па маёй інфармацыі ад некаторых людзей, у яго былі псіхалагічныя праблемы. Ён пайшоў на гэты крок пасля інфармацыі пра трэцюю спробу суіцыду Сцяпана Латыпава. І зноў цішыня ад міністэркі па сацыяльнай палітыцы — яна ніяк не каментуе, што траўмаваны чалавек пасля турмы ідзе галадаць пад амбасаду за Сцяпана. Маўчаць пра гэта канешне і нашыя СМІ.

Цікава, як Ігар Лосік прыйшоў у твітар і пачаў дыскрэдытаваць Андрушкевіча. Маўляў, той не першы раз такое робіць. Быццам бы ёсць людзі, а ёсць тыя з каго паржаць прасцей, чым дапамагаць ці асвятляць падзею. Калі чалавек сапраўды «хворы», гэта не повад для смеху, гэта нагода яму дапамагчы, асабіста калі ён прайшоў праз турму.

Невялікі напамін: Ігар, мы ўсе турбаваліся калі пра цябе і твой стан пісалі СМІ. Мы казалі пра цябе, мы выходзілі за цябе на мітынгі і не змешвалі павестку з «усім у турме дрэнна». Мне падабаецца прынцып Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа: кожны чалавек істотны і яго лёс разглядаецца заўсёды асобна ад вонкавых фактараў.

Але як так сталася, што ў Вільні зараз адзін палітзэк абвясціў галадоўку за іншага палітзэка, а з гэтага жартуюць ці ігнаруюць?

Зазулінская абавязана быць побач і на сувязі з тым чалавекам, але яе няма. А ці напісала яна лісты, каб выратаваць Сцяпана? Мы ўвогуле нічога не ведаем аб тым, чым займаецца сацыяльны блок. Таму няма нічога дзіўнага, што больш ніхто не верыць АПК і Офісу.

Людзі, якія ведаюць, што такое беларуская турма і як адчуваецца, калі ў цябе няма медыйнай вагі, разумеюць простае: ты нікому не патрэбны. Вось і ідуць пад амбасаду галадаць бо іншых інструмантаў няма.

І няма ніякай чароўнай Ціханоўскай, якая ўсё ведае і вырашае. Як і няма звышздольных нейкіх палітыкаў. Пры наяўнасці сродкаў, часу і высілкаў можна зрабіць шмат чаго каму заўгодна. Было б жаданне — ужо пяць гадоў вам гэта кажу.