Знайшла беларуса.Гэта будзе мой першы пост па-беларуску і не праз гугл-транслэйт, а праз маіх сяброў…

Знайшла беларуса.

Гэта будзе мой першы пост па-беларуску і не праз гугл-транслэйт, а праз маіх сяброў беларускамоўных, якія робяць для мовы больш, чым цкаванне за ня тую мову і крывую рускамоўную сківіцу.

Памятаю, як сядзела у Вільні ў Kavos Reikalai на Лукішскай плошчы, дзе пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага, і шукала працу. Прыкладна кожны дзень у той жа час сядзеў Мікіта і працаваў. І для мяне ў 2021 ён быў нейкай зоркай, і я канешне прыслухалася да яго размоў у кавярні. Першае, што аб ім запомнілася, як ён камусьці сказаў на сазвоне на абсалютна ламанай беларускай: “прабач, але я спрабую вучыць беларускую, таму я буду павольна і з памылкамі размаўляць.”
Гэта было да абвяшчэння аб тым, што ён хоча змяніць мову на беларускую на канале.

Гэта быў той рэдкі выпадак адсутнасці папулізму, а толькі шчырае жаданне рабіць кантэнт для беларусаў. Памятаю, як я спрачалася з беларускамоўнай сяброўкай на гэты конт. Яна ведала Мікіту даўно і ня верыла яму.

Але час паказаў, што гэта было шчырым. І ён страціў расейскіх гледачоў дзеля нас, беларусаў. Як бы яго ня лаялі за інтэрв’ю з Кацам і іншымі. Я была першай у ліку тых, хто напіхваў за каўнер.

Я не магу трываць картавасць. Але я даволі хутка прызвычаілася да “маліны” і перастала заўважаць гэты яго дэфект. Бо харызма і шчырасць >> ўсё астатняе. У яго была харызма.

У нас вельмі мала беларусаў з ёй. Большасць жа беларусаў ніякія, прэсныя, прыкра нейтральныя і жадаюць усім падабацца. У гэтым зусім няма жыцця. Асоба ёсць толькі у супярэчнасцях, няроўнасцях і недасканаласцях. Мікіта лёгка прызнаўся ў сваёй любові да Даўлатава, што было не модна ў той час. І расказваў пра сваё расійскае паходжанне.

Я вельмі шмат крытыкавала Мікіту. Бо я гэта я. Я крытыкую амаль усіх (вы б ведалі як цяжка мне жыць унутры мяне, бо мне дастаецца яшчэ больш). Учора я крытыкавала якія кампліментарныя гутаркі зараз зноў у Мікіты, ніякіх зубоў няма. Аж выключыла размову з Кныровічам на сярэдзіне. А сёння з сяброўкай абмяркоўвала, што Мелказёраў ня блогер году ў Беларусі, бо крызіс жанру і нудныя інтэрв’ю пайшлі ў яго, дый суразмоўцы ня тыя. Так, мне дахалеры чаго не падабаецца. Але гэта той нешматлікі беларускі кантэнт, які я дагэтуль глядзела ўсе пяць год. Напэўна гэта нешта значыць.

Што мне падабалася ў Мікіце: ён паважаў Пазняка, яго інтэрв’ю з ім былі шчыра добрымі. І ня толькі дзеля хайпа, і як у нашай нівы каб вырваць з кантэксту нешта зноў.

Мікіта вельмі змяніўся ў эміграцыі. З прапаленага бабніка і вечнага халасцяка, які піша пра мінэты МДЛУшніц на анлайнеры, ён стаў нейкі больш сур’ёзны. Зрабіў канал “загляне сонца”, які наўрад ці рабіў яму прагляды і прыносіў грошы. Але ж быў вельмі значны для папулярызацыі нашай сапраўднай гісторыі.

Я не пабаюся сказаць, што чарговы расеец, пасля Мулявіна, зрабіў за свае нядоўгія 37 год жыцця для Беларусі, беларускай культуры, беларускай гісторыі і беларускай мовы нашмат болей за этнічных беларусаў, якія ездзяць на вакацыі ў Піцер, працуюць у Газпраме і Лукойле.

Вечны супакой.