«Летуценнікі і практыкі» — дыскусія пра беларускую культуру на фестывалі Letucień у Кракаве, #Польшча
1 жніўня ў межах фестывалю Letucień у Кракаве пройдзе публічная дыскусія пра тое, як развівалася беларуская культура апошнія дзесяцігоддзі — ад пачаткаў незалежнасці 1990-х да сённяшняга дня.
◉ Калі: субота, 17:45–19:00, парк ім. Ёрдана ў Кракаве.
Тры пакаленні беларускіх дзеячаў культуры паглядзяць на тэму са свайго досведу:
Мікалай Халезін — драматург, мастацкі кіраўнік і су-заснавальнік Беларускага свабоднага тэатра, Кавалер Ордэна Брытанскай імперыі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Мікалай шмат год уваходзіць у беларускія культурныя колы і бачыў, як розныя пакаленні пачынаюць “усё з пачатку”. Мае вялікі досвед інтэграцыі беларускай культуры ў міжнародны кантэкст, рэалізацыі велізарных праектаў за кошт прыватнага фінанасавання і сваё бачанне пра тое, якім можа быць беларускі нацыянальны прадукт.
Ліза Ветрава — выкладчыца, блогерка і папулярызатарка беларускай культуры. Стварае кантэнт па-беларуску, распавядае пра гісторыю і сучасную Беларусь з яе творцамі. Даследуе пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці, вядзе культурніцкія праекты «Годна». Верыць, што беларуская мова можа і мусіць стаць звычайнай часткай паўсядзённага жыцця, а культура — яе неад’емнай жывой часткай.
MANDZIK (Дзяніс Мандзік) — беларускі рэпер і грамадскі актывіст. У Беларусі Дзяніс быў вядомым палітычным і грамадзкім актывістам, старшынём Моладзі БНФ, у эміграцыі актыўна дапамагаў руху Моладзевы блок, але цалкам сышоў у культуру. Пачаў пісаць рэп пасля таго, як яго вершы назвалі «некім г***ом». Падзеліцца тым, як выглядае беларуская культура сёння вачыма яго пакалення і моладзевых ініцыятываў.