Прамова на канферэнцыі па выбарах ў Каардынацыйную Раду III склікання
Вітаю, спадарства! Вельмі рада бачыць усіх Вас вольнымі і на свабодзе! Але, нажаль, гэтае шчасце даступна не ўсім беларусам. Велізарная колькасць нашых суайчыннікаў зараз знаходзіцца ў палоне рэжыму.
.
Усе разумеюць, што тэма палітвязняў з’яўляецца адной з галоўных, на сёння, калі не самай галоўнай! І мы бачым, што ў той жа час яна з’яўляецца настолькі ж і складанай для вырашэння.
Ведаеце, я наўмысна не буду агучваць афіцыйныя лічбы па палітвязнях, бо мы разумеем, што яны вельмі і вельмі заніжаныя.
Ніхто не будзе пярэчыць таму, што ў Беларусі зараз прававы дэфолт. Усе суддзі, міліцыя, нават, ЖКГ і школы выкарыстоўваюцца нелегітымным рэжымам як карныя інструменты ціску на беларусаў.
Таму ў гэтых умовах мы мусім аб’яднацца і дабівацца змены і пашырэння крытэрыяў прызнання палітвязнямі.
Адкажыце кожны для сябе на адно простае пытанне: “Якое “Я” маю права дзяліць рэпрэсаваных па палітычных матывах беларусаў (ці людзей, па якіх заўгодна крытэрыях”)?!
Самы яскравы прыклад – Паліна Шарэнда-Панасюк, якая доўгі час не магла быць прызнанай палітвязьнем менавіта з-за таго, што не праходзіла па крытэрыях!
І наш заклік да міжнароднай супольнасці гэты:
“Мы не можам дзяліць людзей! Мы не можам лічыць, што хтосьці недастаткова рэпрэсаваны!!!”
Бо крытэрыі даюць разыходжанні, а мы не маем права адсейваць людзей.
Разам! Мы мусім змяніць і механізм прызнання палітвязнямі. Дзеля бяспекі людзей у Беларусі, гэта мусіць праходзіць “аўтаматычна”, без заяваў родных, ці самога чалавека. Па факту наяўных прычын.
Наша мэта – зрабіць бачнымі для грамадства КОЖНАГА ПАЦЯРПЕЛАГА ад рэжыму ЧАЛАВЕКА!
Пасля мусіць быць рэабілітацыя, кампенсацыя і г.д. А калі людзі, якія пацярпелі ад рэжыму, не будуць прызнаныя палітвязнямі, то яны не падпадуць пад катэгорыю “рэабілітаваныя”, што ў сваю чаргу выкліча дадатковыя цяжкасці для ўжо пацярпелых людзей.
Пачынаючы з 2020-га года, мы пастаянна ўздымалі пытанні палітвязняў на міжнародных пляцоўках. Мы плённа працавалі і ў Хельсінкім дыялогу, і на сесіях ПАРЭ. Вынікам сесій з’яўляюцца 2 рэзалюцыі. 1- тычыцца саміх палітвязняў, 2 – сваякоў палітвязняў.
Нашыя лідары : П.Севярынец і М.Статкевіч зараз за кратамі. Яны – палітвязні! Яны – нашыя натхняльнікі! Рэжым катуе іх нечалавечымі ўмовамі. Усім вядома не толькі пра ціск менавіта на іх, але і пра ціск на іх сем’і.
У блоку “Салідарнасць” ёсць і такія кейсы, дзе людзі былі забітыя гэтым людажэрным рэжымам. 6 чалавек зараз не проста за кратамі, а у рэжыме інкамунікада.
З 2021 г. мы голасна заяўляем аб тым, што нашая краіна знаходзіцца пад гібрыднай акупацыяй.
Дарэчы, на дадзены момант у гэтым пытанні з намі згодныя і сацыял-дэмакраты Украіны, Казахстану і нават прэзідэнт Зяленскі.
Блок “Салідарнасць” – гэта дзве партыі – левыя і правыя. Мы адмаўляемся ад розных палітычных падыходаў дзеля галоўнай мэты – вызвалення нашай краіны з-пад акупацыі. Вы можаце далучыцца да нас і ісці з намі ў гэтым накірунку.
Калі Беларусь будзе прызнана акупаванай тэрыторыяй (хачу звярнуць увагу, што гаворка ідзе не аб прамой акупацыі, як ва Украіне, я кажу пра гібрыдную акупацыю!), то! Мы зможам нашых палітвязняў вызначыць як ваеннапалонных, а гэта дадатковыя магчымасці для іх вызвалення. лукашэнка ў гэтым выпадку – кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі. А гэта значыць, што могуць быць узведзены санкцыі на яго і на яго кашалькі!
Калі пачаць уздзейнічаць на канцавы прадукт рэжыму – яго гаманцы, мажліва, ён бы задумаўся пра бессэнсоўнасць утрымання палонных. Хай узважаць, што для іх каштоўней: мільярды даляраў ці дзясяткі тысяч палітвязьняў…І гэта з нашага боку не гандаль, а сапраўдны ўльтыматум для кіраўніка прарасейскае хунты!
Мусіць быць уведзены санкцыйны пакет, які тычыцца непасрэдна парушэння правоў чалавека ў Беларусі! То-бок пакаранне мусіць панесці кожны. І тыя, хто прымаў удзел у рэпрэсіях , датычных беларускага грамадства. І да ўсіх тых, хто і зараз далей пераследуе беларусаў. Усіх, хто супрацоўнічае з рэжымам.