Дагарэў за брамай небакрай, Месяц паміж воблачкаў плыве. Выйду зноў, як у мінулы май, Басанож прайдуся па траве. Дымная, сцюдзёная раса, Цёмныя ў траве ад ног сляды. А такога рослага аўса Я не бачыў доўгія гады. Бач, хмызы спляліся, як павець, Светлякі мігцяць, гараць святлей. Перад тым як звонка ў лозах пець, Прачышчае горла салавей. Лашчыцца трава да босых ног. З дальніх паплавоў плыве ракой Ледзь прыкметны сумны халадок – Подых юні ўходзячай маёй. Паімчаць за ёю наўздагон? – Хоць і схопіш – усё адно падман. Дзе каханне тых мінулых дзён – Весніх паркаў бэзавы туман? Нават шкадаванне – дзе яно? Зноў вясна, і жаль знікае зноў. (Так губляюць пах перад вясной Ссохлыя сцябліны палыноў.) Ціха цмокае у сне рака. О, як добра, як прыгожа жыць! Раска, як русалчына луска, На вадзе ад месяца гарыць. А вакол травіцы роснай рай І бярозак белая сям’я. Мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая!