29-гадовы Андрэй Шляпаў, які прайшоў праз збіванне ў КДБ, шэсць месяцаў за кратамі і суд за ўдзел у пратэстах, не губляе аптымізму.
«Я рабіў тое, што лічыў патрэбным і правільным. Выступаў за справядлівасць, праўду і дабро. Я ні пра што не шкадую. Знаходзячыся ў Беларусі, рабіў усё што мог. Я лічу, што нам, беларусам, трэба было прайсці гэты шлях. Мы сталі разумнейшымі, мудрэйшымі, і ў кожным разе нам быў неабходны такі досвед, каб стаць сапраўднай адзінай нацыяй.
Вельмі хачу, каб усе беларусы пачалі думаць сваёй галавой. Таксама спадзяюся, што нашы дэмакратычныя сілы перастануць канфліктаваць паміж сабой і аб’яднаюцца. Таму што, гледзячы на ўсе гэтыя “спрэчкі”, у галаве ёсць толькі адна думка: “Хлопцы, вы сур’ёзна? Там людзі ў турмах гніюць!”
Я б вельмі хацеў вярнуцца ў Свабодную Беларусь, абняць сваіх сваякоў і брата, які цяпер у зняволенні. У мяне цяпер няма ніякага маральнага права спыняць барацьбу за свабоду нашай краіны. І я не спынюся!».