Не пужайся, што здрадныя хмарыНеба ўслалі з канца да канца,Што свае цемната ўнесла чары,Закружыўся г…

Не пужайся, што здрадныя хмары
Неба ўслалі з канца да канца,
Што свае цемната ўнесла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Яшчэ прыйдзе вясна!

Не пужайся, што лісць пажаўцелы
Лес скідае з канца да канца,
Дый не чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясмелы:
Яшчэ прыйдзе вясна!

Не пужайся, што бедная ніва
Апусцела з канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчаслівай
Неужоннае скончана жніва:
Яшчэ прыйдзе вясна!

Не пужайся, што вольныя сілы
Ў путах дрэмлюць з канца да канца,
Што наcільcтва ўсю праўду здушыла,
Што смерць густа капае магілы:
Яшчэ прыйдзе вясна!
Яшчэ прыйдзе!..

Я. Купала

@mog_drive_chat