300-годдзе першай жанчыны лекаркі Усходняй Еўропы, ураджэнкі Гарадзеншчыны Саламеі Русецкай у 2018 годзе святкавалі на ўзроўні ЮНЭСКА. З прапановай ўганараваць яе выступіла Рэспубліка Беларусь пры падтрымцы Польшчы, Літвы і Расійскай федэрацыі.
У 2022 годзе ў Гродне інфармацыю пра Саламею Русецкую прыбралі з публічнага доступу ў гарадской паліклініцы №3.
Нагодаю для «высылкі ў нябыт» сусветна вядомай ўраджэнкі Гарадзеншчыны стаў зварот у гарвыканкам праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай.
Яе меркаваннем, Саламея Русецкая – гэта “польская авантурыстка, якую выдавалі за гордасць Беларусі”.
Для гродзенскіх уладаў слова Бондаравай аказалася больш важкім, чым высновы экспертных камісій чатырох краін ЮНЭСКа і яе Генеральнай асамблеі.
У адказе Бондаравай намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша паведамляе, што інфармацыйны плакат пра Саламею Русецкую выдалілі, а адміністрацыю паліклінікі абавязалі на будучыню ўзгадняць банеры. З кім – Кулеша не ўдакладніла.