Супрацоўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа ездзілі ў Крым падчас вайны ва Украіне

Мінск Навіны

Дзмітрый Шаўцоў не адзіны супрацоўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, які любіць ездзіць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі.

Паводле інфармацыі «Бюро», як мінімум адзін абласны кіраўнік БЧК з’ездзіў у адпачынак у Крым падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Кіраўніца Гродзенскай абласной арганізацыі Наталля Талкачова ў ліпені 2022 года наведала Крым. І гэта была не «працоўная» паездка, як у Шаўцова.

У сваім акаўнце ў Facebook яна падзялілася фатаграфіямі з адпачынку і відэа, як яны едуць па Крымскім мосце. (Гэтая спасылка адкрыецца і без VPN)

Дзякуючы атрыманым ад @cpartisans дадзеным мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэта была не «гуманітарная місія». Талкачова ездзіла ў Крым адпачываць, узяўшы на гэтыя даты водпуск.

Мы звярнуліся да Талкачовай па каментар, але яна не адказала на нашыя званкі.

Пра кіраўніцу Гродзенскага БЧК і яе цесныя сувязі з Дзмітрыем Шаўцовым мы расказвалі ў нашым расследаванні «Цёмныя бакі Беларускага Чырвонага Крыжа». (Без VPN)

Нагадаем, што з-за паездкі Дзмітрыя Шаўцова на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны было прыпыненае сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. З-за гэтага БЧК страціў амаль усё сваё міжнародне фінансаванне. (Без VPN)