Русский мир дабраўся і да “Пагоні” У генеральнай пракуратуры Беларусі

Мінск Навіны

Русский мир дабраўся і да “Пагоні”

У генеральнай пракуратуры Беларусі прайшоў круглы стол на тэму «супрацьдзеяння экстрэмізму». Сярод тэмаў быў перагляд рэгіянальнай геральдыкі, «каб не дапусціць выкарыстання сфармаваных у 1990-я гады сімвалаў у экстрэмісцкай дзейнасці».

Намеснік дырэктара навукова-практычнага цэнтру генеральнай пракуратуры Алег Русецкі заклікаў у сваім выступе да «рэвізіі рэгіянальнай сімволікі». «Геральдычныя сімвалы – гэта не проста атрыбутыка. Яны служаць выяўленнем ідэяў і сэнсаў, непасрэдна ўздзейнічаюць на свядомасць і паводзіны грамадзянаў. Іх выявы, сфармаваныя ў адрыве ад рэчаіснасці і без уліку дзяржаўнай ідэалогіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму», – сказаў ён.
Сакратар Геральдычнай рады Алег Странькоўскі заявіў пра недапушчальнасць выкарыстання афіцыйных сімвалаў у «экстрэмісцкіх» мэтах. «Выкарыстанне геральдычных сімвалаў павінна быць строга рэгламентаванае. Мы бачым спробы дыскрэдытацыі афіцыйных сімвалаў. І гэта патрабуе адэкватнага праўнага рэагавання», – сказаў ён.

Многія беларускія гарады маюць гістарычныя гербы з Пагоняй. Герб Віцебскай вобласці з «Пагоняй» быў зацверджаны ў 2009-м.

Калі цяперашнія ўлады Беларусі забаранілі і назвалі экстрэмісцкім нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, калі забаранілі нават словы «Жыве Беларусь», то не дзіва, што цяпер яны дабраліся і да Пагоні. Рускі мір, які пануе ў галовах начальнікаў і ў кабінетах, патрабуе ўсё новых ахвяраў сярод праяваў беларускасці ў любой форме.

Пагоня фармальна дагэтуль не была забароненая як экстрэмісцкі матэрыял. Нагадаем, у 2007 годзе «Пагоня» была ўключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Гэта афіцыйна прызнаная частка нацыянальнай спадчыны. Але пасля пратэстаў 2020 года ўлады пачалі масава пераследаваць людзей за выкарыстанне не толькі забароненага бел-чырвона-белага сцяга, але і «Пагоні». Людзей затрымлівалі за выявы на аватарах, налепкі, татуіроўкі, публікацыі ў сацыяльных сетках. І фармальна правільныя аргументы ў стылю «а гэта ж не забаронена” ці “гэта ж герб Віцебскай вобласці» на губазікаўцаў не дзейнічалі.

Гэта цалкам адпавядае дзеянням сілавікоў апошнія гады – спачатку яны робіць нешта дэ-факта незаконнае, і толькі потым ужо прымаюць законы, каб абгрунтаваць і апраўдаць існуючую рэпрэсіўную практыку. Вось і зараз, яны збіраюцца спачатку прызнаць Пагоню экстрэмісцкай, а затым выкарыстаць гэта як падставу для выключэння з афіцыйнага геральдычнага рэгістра.

Гэта ўжо не толькі барацьба з пратэснай сімволікай. Гэта патэнцыйны крок да выціскання беларускай гістарычнай дзяржаўнай традыцыі нават з афіцыйнай геральдыкі краіны.

Рускі мір патрабуе сабе новых ахвяраў, і збірае іх менавіта ў сферы нацыянальнай культуры, традыцыі і гістарычнай спадчыны. А Лукашэнка ніколі гэтаму асабліва і не пярэчыў, ён заўсёды (асабліва ў крытычныя для сябе моманты) быў гатовы здаць мову, культуру, – абы Расея давала эканамічныя паблажкі і не пагражала ягонай асабістай уладзе.

Магчыма, ён нават адчувае пагрозу ў такім наступе рускага міра па ўсіх накірунках, але не здольны супраціўляецца. Таму ён вырашыў за лепшае аддаваць меншае і не важнае для яго самога — гісторыю, культуры, мову — каб захаваць галоўнае для сябе: палітычную ўладу над беларусамі.