Беларусь устрымалася пры галасаванні за рэзалюцыю ААН супраць гвалту ў адносінах да жанчын

Мінск Навіны

Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН супраць гвалту ў адносінах да жанчын. Хаця за яе прагаласавалі аж 175 краінаў.

Але не такі быў прадстаўнік Беларусі. Ён падчас галасавання ўстрымаўся — таксама як і дыпламаты з Расіі, ЗША, Аргентыны, Буркіна-Фасо і Камеруна.

Толькі ад краіна прагаласавала супраць — Самалі.

Прадстаўнік Беларусі заявіў, што Мінск не падтрымлівае рэзалюцыю ў яе цяперашнім выглядзе праз спрэчныя фармулёўкі, якія “адлюстроўваюць інтарэсы толькі асобных арганізацый”:

“Мы глыбока расчараваныя тым, што рэзалюцыя зноў выкарыстоўваецца як інструмент прасоўвання спрэчнага парадку дня, уключна з палажэннем пра гендарную ідэалогію, сэксуальнай аўтаноміяй дзяўчынак, усёабдымнай сэксуальнай адукацыяй, абортамі і пераглядам традыцыйных падыходаў да пытанняў сям’і.

Лічым непрымальным патрабаванне прыняцця ўсімі дзяржавамі заканадаўства ў дачыненні да так званых гендэрна абумоўленых забойстваў без належнага ўліку нацыянальных прававых сістэм і існуючых падыходаў”.

Ён дадаў, што Беларусь будзе трактаваць палажэнні рэзалюцыі ў адпаведнасці са сваім нацыянальным заканадаўствам.

Прынятая рэзалюцыя прысвечаная прадухіленню і выкараненню ўсіх форм гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак. Дакумент заклікае дзяржавы не толькі расследаваць выпадкі гвалту ў адносінах да жанчын, але і ліквідаваць яго прычыны.