
Ад 7-й да 8-й гадзіны раніцы прыпыняў працу аэрапорт Коўна. Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіравання крызісамі Літвы Вілмантас Віткаўскас паведаміў, што прычынаю стаўся «неапазнаны аб’ект у паветранай прасторы».
Ён дадаў, што гаворка, імаверна, ідзе пра дрон. У паветра падымаліся знішчальнікі.
Тым часам жыхары Баўскага, Огрскага і Айзкраўкльскага краёў Латвіі таксама атрымалі паведамленні аб магчымай небяспецы ў паветранай прасторы. Ім рэкамендавалі заставацца ў памяшканнях, выконваць «прынцып дзвюх сценаў», зачыняць вокны і дзверы.
Мэр Огрскага краю сказаў, што рэкамендацыі былі выкліканыя паведамленнем з Літвы пра пагрозу для паветранай прасторы. Аднак у паветра Латвіі ніякія аб’екты ў выніку не заляцелі.