«Усе ацэнкі і пазіцыі сфармуляваныя, гісторыкі мусяць іх прытрымлівацца»Дарадца Святланы Ціханоўскай…

Мінск Навіны

«Усе ацэнкі і пазіцыі сфармуляваныя, гісторыкі мусяць іх прытрымлівацца»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч у размове з «Салідарнасцю» распавёў пра тое, як беларускія ўлады фармуюць афіцыйную версію гісторыі, чаму беларускія ўніверсітэты губляюць міжнародныя сувязі і дзе Беларусь шукае партнёраў у сферы адукацыі і навукі. 

Галоўнае з інтэрв’ю:
Пра афіцыйную палітыку ў галіне гістарычнай памяці

«Беларуская дзяржава не абыходзіць нязручныя тэмы — практычна па ўсіх з іх ужо сфармуляваныя афіцыйныя пазіцыі, якіх павінны прытрымлівацца гісторыкі. Гэта выразна бачна ў рэкамендацыях Міністэрства адукацыі па выкладанні гісторыі. У іх вельмі негатыўна ацэньваецца перыяд, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, і, наадварот, станоўча — знаходжанне ў складзе Расійскай імперыі. Фактычна атрымліваецца, што паланізацыя падаецца як зло, а русіфікацыя — як нешта станоўчае, хоць у Расійскай імперыі ўціскаліся беларуская мова, культура і адукацыя».

Пра міжнародную ізаляцыю беларускіх універсітэтаў

«Пасля 2020 года практычна спыніліся кантакты беларускіх універсітэтаў з большасцю краін Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Сёння сярод краін Балонскага працэсу Беларусь супрацоўнічае толькі з Казахстанам і Азербайджанам. Асноўная арыентацыя цяпер — на ўсход і паўднёвы ўсход, у тым ліку на Расію і Кітай. Беларусь таксама шукае кантакты з такімі краінамі, як Паўночная Карэя і М’янма, а нядаўна беларуская дэлегацыя наведала ўрад Талібана для перамоваў аб супрацоўніцтве ў адукацыйнай сферы».

Пра адкрыццё спецыяльнасці «лічбавая гісторыя» на гістарычным факультэце БДУ

«Лічбавая гуманістыка — гэта трэнд, які развіваецца ўжо дзесяцігоддзі. Таму добра, што гістарычны факультэт БДУ далучыўся да гэтага кірунку, бо лічбавыя тэхналогіі дазваляюць зрабіць гістарычныя веды даступнымі для значна большай колькасці людзей. Аднак жаданне далучыцца да сусветнай навуковай супольнасці выглядае супярэчліва на фоне абмежаванняў міжнароднага супрацоўніцтва. Вярнуцца ў сусветную адукацыйную прастору можна толькі тады, калі ўніверсітэты маюць што прапанаваць і здольныя падтрымліваць высокі ўзровень адукацыі і навукі».