ЗА “ЯРЛЫК”Была ў манголаў такая традыцыя: прэтэндэнты на княскія пасады ў залежных ад іх землях паві…

Мінск Навіны

ЗА “ЯРЛЫК”
Была ў манголаў такая традыцыя: прэтэндэнты на княскія пасады ў залежных ад іх землях павінны былі атрымаць дазвол на княжанне, адна з назваў якога – “ярлык”. Каб атрымаць “ярлык”, трэба было не толькі прапаўзці на жываце дзесяткі метраў у ханскую юрту, але і пагадзіцца на пэўныя саступкі і паслугі хану арды. Матэрыяльныя ці палітычныя. Вядома, што найбольшы плён ад тых поўзанняў і саступак ды паслуг займелі маскоўскія князі. Таму традыцыя гэта настолькі ўкаранілася ў Маскве, што спадкаемцы тых князёў ўжо самі даюць дазвол на кіраванне сваім сатэлітам па таму ж прынцыпу – пасля самапрыніжэння і саступак. У найноўшай беларускай гісторыі працэдура атрымання “ярлыка” адбывалася ледзь не перад кожнымі прэзідэнцкімі “выбарамі”. Схема заўсёды аднолькавая. Напярэдадні “выбараў” Крэмль дэманструе пахаладанне ў стаўленні да галоўнага кандыдата і нават імкненне падтрымаць альтэрнатыву яму. Сярод тутэйшых “сілавікоў” пачынаюцца хістаньні – яны выдатна разумеюць, на чым стаіць уся сістэма. Як казаў мне адзін з іх – пакуль з намі Масква, а ў яе ёсць нафта, мы можам спаць спакойна. А тут нібыта ўжо “не з намі”. Пачынаюцца сумненні. Але напярэдадні “выбараў” галоўны кандыдат едзе ў Маскву. Не ведаю, як там наконт поўзання, бо ўсё адбываецца закрыта ад прэсы і публікі, але ўрэшце бакі падпісваюць дамову з чарговымі саступкамі і дэманструюць “саюзныя” адносіны. “Сілавікі” супакойваюцца і забяспечваюць звычайны вынік “выбараў”.
Толькі з кожнымі новымі “выбарамі” саступкі суверэнітэту ўсё большыя. Пасля 2020 года была саступлена наша тэрыторыя для нападу на Украіну. Цяпер Масква, па інфармацыі заходніх выведак, рыхтуецца да сілавых дзеянняў супраць суседніх краін NATO. Без выкарыстання нашай тэрыторыі такая справа наўрадці абыйдзецца. Калі ж Беларусь возьме ўдзел у агрэсіўных дзеяннях супраць NATO ці стане тылам для такіх дзеянняў, то ўдар сіл NATO па нашай тэрыторыі будзе непазбежным. Незалежна ад таго, казаў пра гэта публічна ці не казаў які небудзь натаўскі генерал. Падобна, што кошт “ярлыка” шалёна падняўся. Але ўрэшце, ён можа ўстаць вельмі дорага найперш для беларусаў, а таксама ўсіх суседніх з намі народаў. Толькі вольная, бяз’ядзерная ды нейтральная Беларусь можа прадухіліць канфлікт у Еўропе, а значыць і ва ўсім свеце.