
Беларусы за два дні сабралі для прытулку ў Бабруйску 165 тысяч рублёў. Гэта нават больш, чым было трэба, каб выкупіць зямлю, на якой стаяць вальеры з сабакамі.
Некалькі гадоў таму арганізацыя “Пяць свабодаў” купіла будынак кавярні і арганізавала там прытулак для жывёлаў. А для вальераў арандавала 36 сотак зямлі вакол будынка. Цяпер там жывуць каля 160 сабак.
Нядаўна зямлю, якая была ў арэндзе, выставілі на продаж. Прытулак мусіў вызваліць тэрыторыю да 2-га кастрычніка. Ці выкупіць участак, які ацанілі ў 105 тысяч рублёў. І цяпер на гэта ёсць сродкі!
А грошы звыш патрэбнай сумы плануюць накіраваць на добраўпарадкаванне тэрыторыі і паляпшэнне ўмоваў для сабак.