Важная дата беларускай гісторыі.6 кастрычніка 1596 года, то бок 430 год таму (па старым юліанскім ка…

Мінск Навіны

Важная дата беларускай гісторыі.

6 кастрычніка 1596 года, то бок 430 год таму (па старым юліанскім календары) пачаўся Берасцейскі царкоўны сабор, які прывёў да заключэння Берасцейскай уніі.

Культурная дэградацыя маскоўскага праваслаўя, захопніцкія амбіцыі Масквы, імкненне дзяржаўных кіраўнікоў ВКЛ на ўмацаванне незалежнасці і памкненні Ватыкана на акаталічванне Княства — усе гэтыя фактары падштурхнулі цэлы шэраг рэлігійных іерархаў ВКЛ на заключэнне Уніі.

Частка іерархаў Кіеўскай мітраполіі прызнала вяршэнства Папы Рымскага, захаваўшы ўсходні абрад. На беларускіх землях уніяцкая царква ўжо ў XVIII стагоддзі стала адной з найбуйнейшых канфесій.

Масква пачала вычышчаць уніяцтва і ліквідаваць уніяцкія цэрквы адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. А канчатковы ўдар быў нанесены ў 1839 годзе на Полацкім саборы: была абвешчаная адмена Берасцейскай уніі 1596 года і «ўз’яднанне» ўніятаў з Расійскай праваслаўнай царквой.

Аднак беларускае ўніяцтва здолела працягнуцца праз стагоддзі: у 2023 годзе Папа Францішак стварыў для беларускіх грэка-католікаў асобную Апостальскую адміністратуру. І на той момант Ватыкан паведамляў прыкладна пра 5 тысяч вернікаў, 16 парафій, 16 святароў і 3 дыяканаў.

Лукашэнка, аднак, працягвае справу маскоўскіх цароў. У красавіку 2026 года былі пазбаўлены рэгістрацыі тры грэка-каталіцкія парафіі ў Пінскай дыяцэзіі. У Вярхоўным судзе Беларусі 9 красавіка 2026 года не задаволілі скаргу парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце, якая была ліквідаваная па рашэнні Брэсцкага абласнога суда. Той жа суд ліквідаваў дзве астатнія рэлігійныя арганізацыі грэка-католікаў у Брэсцкай вобласці.