«Галоўная перамога — гэта шлях, які мы прайшлі разам з сынам»У інтэрв’ю БЕЛСАТ LIFE Святлана Ціханоў…

Мінск Навіны

«Галоўная перамога — гэта шлях, які мы прайшлі разам з сынам»

У інтэрв’ю БЕЛСАТ LIFE Святлана Ціханоўская расказала пра выклікі ў асабістым жыцці, вымушаны выезд з Беларусі і тое, як роля маці можа падрыхтаваць цябе да ролі палітыка. 

Галоўнае з інтэрв’ю:

Пра асабістую перамогу ў жыцці

«Я думаю, што адна з маіх галоўных асабістых перамог — гэта шлях, які мы прайшлі разам з сынам. Ён нарадзіўся без слыху і пачуў першыя гукі толькі ў два з паловай гады. Кожны дзень мы займаліся са спецыялістамі і дома, літаральна адкрываючы для яго свет гукаў. Амаль дзесяць гадоў я прысвяціла яго рэабілітацыі пасля кахлеарнай імплантацыі. Не было дакладнага моманту, калі можна было сказаць: “Вось цяпер канчатковая перамога”. Было шмат маленькіх перамог: першыя гукі, першыя словы, першыя сказы. Я вельмі ўдзячная Сяргею: усе тыя гады, пакуль я займалася сынам і не магла працаваць, менавіта ён узяў на сябе матэрыяльнае забеспячэнне нашай сям’і».

Пра самае цяжкае рашэнне

«Я думаю, што гэта было самым цяжкім рашэннем за ўсю перадвыбарную кампанію — з’ехаць ці застацца. Калі б Сяргей не быў у турме і я ведала, што ёсць каму паклапаціцца пра дзяцей, магчыма, я б не з’ехала. Але ў мяне сын з асаблівасцямі развіцця, маленькая дачка, і гэта была ўнутраная барацьба паміж маці і чалавекам, які ўзяў на сябе адказнасць. Мне проста сказалі: “Ты з гэтага кабінета альбо выязджаеш, альбо ў турму”. А яшчэ дадалі: “Мы ведаем, дзе вашы дзеці”».