Абарона Гродна – адзін з самых знакамітых эпізодаў пачатку Другой сусветнай вайны. Але ў Беларусі пр…

Мінск Навіны

Абарона Гродна – адзін з самых знакамітых эпізодаў пачатку Другой сусветнай вайны. Але ў Беларусі пра яго не гавораць.

Бо гэтая абарона была не ў 1941, а ў 1939.

Польская ўлада сапраўды мела складаную і супярэчлівую палітыку ў дачыненні да беларусаў, і частка мясцовага насельніцтва была ёю незадаволеная. Таму некаторыя жыхары сапраўды чакалі прыходу саветаў. Але з гэтага зусім не вынікае, што ўвесь горад чакаў Чырвоную армію як вызваляльніка.

Калі савецкія войскі падышлі да Гродна, горад аказаў ім узброены супраціў. 20 верасня пачаліся баі. Савецкія танкі ўвайшлі ў горад, але замест лёгкага захопу сутыкнуліся з вулічнымі баямі. Па бронетэхніцы стралялі, яе атакавалі з блізкай адлегласці, выкарыстоўвалі бутэлькі з запальнай сумессю – тое, што сёння мы называем «кактэйлямі Молатава».

У абароне ўдзельнічалі вайскоўцы, паліцыянты, добраахвотнікі і звычайныя гараджане. А разам з імі – падлеткі. 16–17-гадовыя гродзенцы і вучні семінарыі ды гімназій выходзілі супраць танкаў з бутэлькамі запальнай сумесі. Такім чынам спалілі тры танкі.

Адзін з падлеткаў – 13-гадовы Тадэвуш Ясінскі. Хлопчык быў паранены савецкімі вайскоўцамі, пасля чаго яго прывязалі да танка і выкарысталі як своеасаблівы жывы шчыт – каб па танку не стралялі. Жанчына-медык пасля адвязала яго, але Тадзік памёр у шпіталі.

22 верасня арганізаваная абарона горада была зламаная. Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Пасля захопу Гродна савецкімі войскамі пачаліся рэпрэсіі. Гараджан маглі выгнаць з дому фактычна з адным чамаданам і вывезці з горада. Настаўнікаў і інтэлігенцыю арыштоўвалі. Некаторыя сем’і пасля гэтага спалі апранутымі і трымалі каля печы сухары, баючыся, што па іх таксама прыйдуць.

Савецкія рэпрэсіі сталі часткай штодзённасці горада. Толькі па ўсіх заходніх абласцях БССР НКУС за 1939 – люты 1941 года зафіксаваў 92,5 тысячы арыштаў, а з Заходняй Беларусі ў 1939–1941 гадах былі дэпартаваныя каля 125 тысяч чалавек. У Заходняй Беларусі жылі 4,5 млн чалавек.

Абарона Гродна паказвае, што «чырвонаармейцаў выключна сустракалі кветкамі» – гэта міф савецкай прапаганды, які намагаюцца насаджваць нават сёння. Рэальнасць была значна іншай і больш складанай.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee