Абвяшчэньне экстрэмісцкай кнігі «Быкаў на Свабодзе» і загад мясцовым уладам пазбавіць ахоўнага стату…

Мінск Навіны

Абвяшчэньне экстрэмісцкай кнігі «Быкаў на Свабодзе» і загад мясцовым уладам пазбавіць ахоўнага статусу гістарычныя архітэктурныя аб’екты (а значыць, і зруйнаваць) — супадаюць у часе выпадкова толькі на першы погляд.

Гонар быць укладальнікам быкаўскай кнігі выпаў мне, таму і праз два дзесяцігодзьдзі добра памятаю яе зьмест. У кожным радку Быкаў прадстае духоўным лідэрам нацыянальнага Адраджэньня, асобай, безь якой немагчыма ўявіць беларускую літаратуру, ды і ўвогуле Беларусь.

«Аб’екты», якім наканаваная сьмерць пад каўшамі экскаватараў (пераважна, сядзібы XVIII- XIX стагодзьдзяў) — гэта матэрыяльнае сьведчаньне прыналежнасьці беларусаў да эўрапейскай цывілізацыі.

Выціраньне з нацыянальнай памяці яе інтэлектуальных здабыткаў і зьнішчэньне яе матэрыяльных каштоўнасьцяў — цалкам лягічны этап у ліквідацыі Беларусі як дзяржавы, а беларусаў — як этнасу.

І што б ні казалі (і слушна) пра імпэрскую стратэгію Крамля, уся адказнасьць ляжыць на Лукашэнку і ягоным чынавенстве — як вышэйшым, якое рэтрансьлюе загады Масквы (альбо ўлоўлівае яе жаданьні), гэтак і мясцовым, якое пакорліва іх выконвае («Нам жа трэба сям’ю карміць»).

Ну а народ… Народ загнаны ў страх і маўчаньне. Такая вось плата за суіцыдальны выбар 1994-га году.