
Yandex рэтушуе вайсковыя аб’екты на сваіх мапах
Фінскае выданне Yle заўважыла дзівосы на некаторых здымках каля расейскага Кранштата: фрагменты лесу там літаральна выразаныя з аднаго месца і ўстаўленыя ў іншае. У выніку на здымках добра заўважныя сляды фотамантажу.
На старых спадарожнікавых здымках на гэтым месцы выразна бачна тэрыторыя вайсковага аб’екта, дзе раней размяшчаліся расейскія супрацькарабельныя ракетныя комплексы.
Звычайна ўсе сэрвісы з мапамі для ўтойвання адчувальных аб’ектаў выкарыстоўваюць размыванне: карыстальнік бачыць, што пэўны ўчастак наўмысна схаваны. У выпадку Yandex адбываецца нешта іншае – сэрвіс не проста хавае дэталі, а змяняе сам спадарожнікавы здымак, ствараючы ілюзію, што на гэтым месцы знаходзіцца лес.