Валера Руселік: Як было б файна, каб нас усіх задзіночваў ня толькі наш агульны нацыянальны боль, ал…

Мінск Навіны

Валера Руселік: Як было б файна, каб нас усіх задзіночваў ня толькі наш агульны нацыянальны боль, але і нашая агульная нацыянальная радасьць

Чым бліжэй да нейкіх знакавых датаў: ці то чарговых выбараў у Каардынацыйную Раду, ці то наступных угодкаў пасьлявыбарчых пратэстаў-2020 — тым часьцей і экспэрты, і вечна ўсім незадаволеныя індывіды канстатуюць скарачэньне падтрыманьня беларускага дэмакратычнага руху. Зрэшты, яно й ня дзіва: масавае задзіночваньне заўжды адбываецца тады, калі ўспыхвае надзея на зьмены да лепшага, ну а пазьней няўмольна насоўваецца руціна змаганьня, гэткі маратон зь неакрэсьленай працягласьцю і цьмяным фінішам, удзельнічаць у якім ахвотнікаў ужо куды менш. Ну бо заўжды трэба неяк жыць далей.

І не бяды: зьявіцца зноўку надзея — адразу ж абудзяцца і масы. Ну а як пражыць гэтае безнадзейнае зацішша, захаваўшы патэнцыял да чарговага нацыянальнага ўздыму? Валера Руселік спрабуе адказаць у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл».

Ну што ж, вось незаўважна праляцела ўжо шэсьць гадоў з гарачага лета 2020-га. Штопраўда, тады была зусім іншая гарачыня — не да параўнаньня зь цяперашнім скварам. Ну але вы зразумелі. Пэўна, у гэтыя дні трэба абнавіць успаміны пра тыя падзеі, зноўку паспрабаваць зрабіць нейкія высновы і вось гэтае вось усё.

Але. Хочацца ўсё-ткі іншага, ведаеце. Хочацца — радасьці.

Ну бо неяк ужо павялося апошнія гады, што ўсё радаснае, зьвязанае зь Беларусьсю, для мяне асабіста вось у гэтым маім выгнаньні — гэта адно ўспаміны. А ўсе навіны — суцэльны боль. Ад пэрманэнтнага перасьледу сваякоў і да ўсіх гэтых эканамічных крызысаў, перакідваньня аграрыяў у войска і вайскоўцаў — у калгасы, дэмаграфічнай катастрофы, чарговых крымінальных справаў, зьнішчэньня гістарычных камяніцаў і (хаця, здавалася б, куды ўжо больш) здушэньня беларушчыны — суцэльны боль.

Хоць ты наагул не чытай тых навінаў ды не размаўляй ані з кім зь Беларусі. Папросту жыві, дзе жывеш, ды цесься таму, што маеш. Балазе магчымасьцяў для гэтага ў вольным сьвеце, куды закінуў лёс, дастаткова.

Ну але вось хочацца радасьці, народжанай сёньня ў Беларусі, разумееце?

Працяг па спасылцы. Тут без VPN