
Міграцыйны крызіс у іспанскай Сеуце скончыўся так жа імкліва, як і пачаўся. З прыблізна 50 тысяч мараканцаў, што нелегальна прабраліся ў анклаў, больш за 48 тысяч ужо вярнуліся дадому. Пра гэта піша Politico са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Іспаніі.
Чыноўнік, з якім пагутарыла выданне, кажа, што “сітуацыя на шляху да нармалізацыі”.
Па словах крыніцы Politico, рэзкі прыток мараканцаў мог быць звязаны з нядаўнім рашэннем іспанскага суда, якое абмежавала прымяненне працэдуры неадкладнага вяртання мігрантаў у краіну паходжання.
Еўрапейская камісія заявіла, што “далейшага руху мігрантаў у напрамку еўрапейскага кантынента або іншых дзяржаў-членаў не назіраецца”.
Праз крызіс у Сеуце ва ўрадах Італіі, Фінляндыі і Даніі заяўлялі пра неабходнасць прыпынення ўдзелу Іспаніі ў Шэнгенскім пагадненні. Пры гэтым працэдуры выключэння з шэнгенскай зоны не існуе.