Вось загавораць усе беларусы па-беларуску – і што, адразу Беларусь стане багатай, бяспечнай і шчаслівай? Калі каротка, то не. Адна толькі мова не вырашае ўсе праблемы. Але яна можа змяніць вельмі многае.
Перш за ўсё, беларуская мова ўмацоўвае нацыянальную самасвядомасць і робіць краіну больш устойлівай да знешняга ўплыву. Чым больш людзей жыве ў беларускім культурным і інфармацыйным асяроддзі, тым менш яны залежаць ад чужой прапаганды, фэйкаў і інфармацыйных маніпуляцый. Усё проста: не слухаеш расійскія навіны – ужо не трапляеш пад уплыў чужой дзяржавы.
Беларуская мова дапамагае выразна аддзяліць Беларусь ад расіі ў вачах свету. Для замежнікаў мова – адзін з галоўных маркераў асобнай нацыі. Калі беларусы размаўляюць па-беларуску, становіцца яшчэ больш відавочна, што Беларусь – гэта не частка нейкага «адзінага народа», а самастойная краіна са сваёй гісторыяй і культурай.
Беларуская мова таксама спрыяе развіццю ўласнай культуры, літаратуры, музыкі і медыя. Замест таго каб падтрымліваць чужую культурную прастору, грамадства атрымлівае больш магчымасцяў для развіцця сваёй. Святлану Алексіевіч даўно запісваюць у «вялікую расійскую літаратуру», бо яна пісала па-руску. І для гэтых людзей няважна, кім лічыць сябе сама Нобелеўская лаўрэатка.
Так, беларуская мова сама па сабе не вырашыць эканамічныя праблемы – і нават не спыніць ракеты, калі яны паляцяць на Беларусь з усходу. Але яна стварае трывалы падмурак для незалежнасці, бяспекі і нацыянальнай еднасці. Вось чаму гэтае пытанне – гэта не толькі пра словы, а пра будучыню краіны.
Беларуская мова не робіць цудаў, затое дапамагае Беларусі заставацца Беларуссю.