
На пачатку XVI стагоддзя Навагрудак лічыўся адным з галоўных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. З 1507 года ён стаў цэнтрам Навагрудскага ваяводства. У 1511 годзе на сойме ВКЛ у Брэсце вялікі князь Жыгімонт Стары надаў гораду прывілей на самакіраванне паводле Магдэбургскага права.
У горадзе была ўведзена пасада войта, якому падпарадкоўваліся ўсе мяшчане. Войт разам з бурмістрам і сябрамі Рады разбіраў судовыя справы, вырашаў спрэчкі, што тычыліся мераў і вагі, а таксама сачыў, каб чужаземныя купцы — акрамя віленскіх — не гандлявалі ў розніцу.
Непасрэднае гарадское кіраванне ажыццяўлялася Радай, што складалася з шасці чалавек. З іх шэрага выбіраліся два бурмістры — праваслаўны і католік, якія ўзначальвалі Раду. Яна адказвала за парадак у горадзе, вядзенне грамадзянскіх спраў, кіраванне гарадской маёмасцю і нагляд за мараллю.
Мяшчане мелі шэраг абавязкаў: штогод сплачвалі ў гарадскую казну 50 залатых, серабрышчыну, падаткі з карчмаў, рамеснай дзейнасці і гандлю. Штосуботы дастаўлялі мяса ў замак, пры патрэбе выдзялялі возы і выстаўлялі варту.
18 сакавіка 1595 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III Ваза надаў Навагрудку герб: у чырвоным полі — постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраенні з крыламі за спінай, з мячом у правай руцэ і шалямі ў левай.
З тэксту адпаведнага прывілея:
«…пячатку гарадскую на ратуш арханёла Міхаіла — у адной руцэ меч, у другой — вага».
У верасні 2011 года ў горадзе быў ўсталяваны мемарыяльны памятны знак у гонар 500-годдзя атрымання Навагрудкам Магдэбургскага права.