Верш Ганны Севярынец «Трымаймася поплеч, трымайма шэраг, не перарывайма ланцуг».
З фізікі мала што ацалела
У галаве, што жыве паміж слоў і строф.
Але помню намёртва пра тое, што цела,
Чалавечае цела праводзіць ток.
Няма перашкоды, ні меж, ні меры
Для гэтага збегу вачэй і рук,
Трымаймася поплеч, трымайма шэраг,
Не перарывайма ланцуг.
І ў гэтым напружанні дзікае сеткі,
Калі замыкае і рве з павек,
Гарыць і сплывае кожная клетка,
Але не спыняецца гэты бег.
Некага выб’е, некага зломіць,
Нехта не вытрывае і ўпадзе,
Але на апошняе ў зубы схопіць
Той провад, у якім наша праўда йдзе.
Нас не пазнаць у гэтым страшным годзе.
Даўно перавышаны болю парог.
Мы не сыходзім. Мы не сыходзім.
Мы праводзім, праводзім ток.
Фота Дзіны Ярмоленка