У 2020 годзе Марыя Калесьнікава заклікала змагацца супраць Лукашэнкі і яго рэжыму

Мінск Навіны

Каго заклікала “долбить” Калесьнікава?

У 2020-м годзе галоўным лозунгам Калесьнікавай было «долбить, долбить, долбить». З улікам таго, што яна кажа зараз – «У 2020 годзе я змагалася не супраць Лукашэнкі, я змагалася за людзей, за свабоду, за свабодныя выбары..». – хацелася б ведаць, а каго ж яна заклікала «долбить».

І я тут не пра перамену пазыцыі – дапусьцім, любы чалавек мае на гэта права. Абодва падыходы, пра якія зараз ідуць гарачыя спрэчкі – працягваць ціск да перамогі ці ісьці на «перамовы» – маюць свае аргументы, свае каштоўнасьці, свае канчатковыя мэты, і маюць права на існаваньне.

Я пра ацэнку мінулага, якое дзіўным чынам мяняецца ў адпаведнасьці з сёньняшняй пазыцыяй.

Уся дзейнасьць Калесьнікавай у 2020 годзе, усе яе выступы на мітынгах, інтэрвію былі накіраваныя супраць Лукашэнкі і ягонай сістэмы. І ўсе сотні тысяч людзей выходзілі на вуліцы менавіта супраць Лукашэнкі і несправядлівасьці, а не за нейкі вобраз Беларусі будучыні.

Калі б тады нехта стаў прапаноўваць свой канкрэтны вобраз будучыні, то колькасьць пратэстоўцаў адразу паменшылася б у тры-пяць-дзесяць разоў. Бо на вуліцы выходзілі вельмі розныя людзі, з самымі рознымі палітычнымі і геапалітычнымі каштоўнасьцямі.

І гэтак шмат было людзей выключна таму, што лозунг быў самы просты – супраць Лукашэнкі і злачынстваў ягонага рэжыму.

Так што тады, летам 2020 усе змагаліся – і Марыя Калесьнікава ў першых шэрагах – менавіта супраць Лукашэнкі, супраць скрадзеных Лукашэнкам выбараў, і ўчыненых Лукашэнкам зьверстваў. І Марыя заклікала дзяўбсьці, долбить менавіта гэта.

Бывае такое ў гісторыі, што людзі пачынаюць па-рознаму ацэньваць нават свае ўласныя дзеяньні. Як, напрыклад, расейскія ура-патрыёты разам з дэмакратамі ў жніўні 1991 года выходзілі абараняць Белы Дом ад путчыстаў, а потым сталі каяцца – “ой, мы не тое мелі на ўвазе”. Ці беларускія дэпутаты Вярхоўнага Савета – у сьнежні 1991 усе, акрамя аднаго, (і яшчэ былі тыя, хто не галасаваў) прагаласавалі за “развал Саюза”, а потым, асабліва ў 1994-ым, падчас прэзідэнцкай кампаніі, многія сталі “каяцца” і казаць, што “нас падманулі”.

Марыя Калесьнікава мае права думаць што заўгодна, у тым ліку і пра свае дзеяньні. Але ня трэба спрабаваць перапісваць гісторыю – пад свае сёньняшнія ўстаноўкі.