І Дземянцей, і я перамаглі ўжо ў першым туры (г.зн. набралі 50% плюс адзін голас, дакладны працэнт цяпер не назаву, нешта 52-55%.)
Але. Мая акруга налічвала 33 413 выбаршчыкаў (прынялі ўдзел 27 452).
Акруга, дзе ішоў Дземянцей — 17 537 выбаршчыкаў (17 041 удзельнічалі ў галасаваньні). Такая ж акруга (17 328) была ў 1-га сакратара аднаго з райкамаў Авіна. Яшчэ меншая (16 873) у другога сакратара Віцебскага абкаму Радзецкага.
Такім чынам, іх акругі былі амаль у два разы меншыя за маю (у Менску акругі былі яшчэ большыя за маю, там найбольш за іншыя гарады абралася дэпутатаў ад БНФ).
Мы прадстаўлялі па 30-40 тысяч выбаршчыкаў. А намэнклятура — па 15-20 тысяч. За выключэньнем 30 дэпутатаў ад арганізацыі «вэтэранаў вайны і працы» — іх абралі на сходзе праўленьня, дзе было толькі каля сотні чалавек, такім чынам, за кожным з гэтых дэпутатаў было максымум… чатыры (!) галасы. Затое гэтая «трыццатка» генэралаў Савецкай Арміі і НКВД-КГБ, герояў Савецкага Саюза ды Сацыялістычнай працы адыграла самую чорную ролю ў лёсе Беларусі — яны нязьменна блякавалі нашыя заканадаўчыя прапановы; здаралася, што для прыняцьця станоўчага рашэньня не хапала якраз 20-30 галасоў.
Але найбольшы «электаральны цынізм» быў дасягнуты ўжо пры Лукашэнку: набраўшы ў суме больш за паўмільёна галасоў за кандыдатаў БНФ у ВС-13 — Народны Фронт у 1995 не атрымаў ніводнага прадстаўніка ў парлямэнце.