Ігар Лосік паказаў відэа з Менску, дзе тысячы падпяваюць Газманаву

Мінск Навіны

САМАПАДМАН. Былы палітвязень Ігар Лосік выставіў відэа, дзе ў Менску тысячы падпяваюць Газманаву — «офицеры, офицеры, ваше сердце под прицелом, за Россию и свободу до конца!» — і ў камэнтарах напісалі, што гэта не беларусы, а турысты з РФ, што сапраўдныя беларусы гэтак ня могуць, і г.д.

Могуць. Гадамі на віцебскім “Славянскім базары” (чорная роля яго ў фармаваньні імпэрскай сьвядомасьці – асобная тэма) 5-тысячны амфітэатр пад гэтыя словы Газманава і ўстае, і падпявае. Завяраю вас, што абсалютная большасьць гледачоў – віцябляне. Карэнныя віцябляне.

І лічыць, што такіх мізэрная меншасьць – нагадвае нядаўні самападман кшталту, што за Лукашэнку было толькі 3%. Тры дзесяцігодзьдзі агрэсіўнай прарасейскай прапаганды пасьля больш як двух стагодзьдзяў пад Масквой не маглі не паўплываць на мэнтальнасьць. І ўплыў гэты ня могуць перабіць нават зруйнаваныя расейскімі ракетамі мірныя ўкраінскія гарады – ракеты ж ляцяць не на цябе.

Трэба пазбыцца прыемнага, але небясьпечнага самападману, што падзеньне рэжыму адносна хутка вырашыць большасьць праблемаў. Нават калі сёньня народ атрымае поўную магчымасьць цалкам свабодных выбараў — баюся, вынік будзе не аптымістычны для прыхільнікаў нацыянальнага шляху. Мы ўжо бачылі вынік адносна свабодных выбараў у 1994. Я чуў у тым жа Віцебску 2020 ў чэргах за фаварыта па колькасьці сабраных подпісаў — “Пусть бы Путин прибрал этого Лукашенко и взял нас в Россию!”.

Нацыянальным сілам для вываду народа на слушны шлях спатрэбяцца гады, гады і гады. Але перш чым сканае рэжым — баюся, беларусам давядзецца прайсьці праз нешта куды больш страшнае, чым рэжым.

Няўжо вайна нічому не навучыла? — пытаецца былы палітвязень.

Не навучыла.

Але калі ня можа навучыць чужая вайна – непазьбежна прыходзіць і вучыць свая.