У большасці краін Еўропы заканчэнне Другой сусветнай вайны адзначаюць 8 траўня, бо менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе набыла сілу капітуляцыя нацысцкай Германіі. Акт быў падпісаны ў французскім Рэймсе 7 траўня, і ў дакуменце пазначылі, што баявыя дзеянні спыняюцца 8 траўня ў 23:01 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу.
Але ў маскве на той момант ужо быў пасля поўначы – там наступіла 9 траўня. Менавіта таму фармальна савецкая дата атрымалася іншай праз розніцу ў часе. Так афіцыйна тлумачаць. Але рэальная прычына зусім іншая.
Сталін застаўся незадаволены тым, што першае падпісанне прайшло ў Рэймсе, а не ва ўзятым савецкімі войскамі Берліне, і што галоўную ролю там адыгрывалі заходнія саюзнікі. Для Крамля было прынцыпова важна паказаць СССР як галоўнага пераможцу ў Еўропе. Таму запатрабавалі новай, больш урачыстай цырымоніі.
У ноч з 8 на 9 траўня ў берлінскім прадмесці Карлсхорст адбылося паўторнае падпісанне акта капітуляцыі. Па сутнасці гаворка ішла не пра новую капітуляцыю, а пра палітычны жэст і дэманстрацыю статусу. Савецкае кіраўніцтва хацела атрымаць уласны сімвалічны момант трыумфу – і атрымала яго.
Пасля вайны 9 траўня не адразу стала галоўным святам у СССР. Некаторы час гэтая дата нават не была выходным днём. А першы пасля 1945 года парад правялі толькі ў 1965. І толькі з сярэдзіны 1960-х дату ператварылі ў цэнтральны дзяржаўны міф: парады, культ «вялікай перамогі», ваенная сімволіка, патрэбная ўладзе версія гісторыі.
У сучаснай расіі гэты працэс стаў яшчэ мацнейшым. 9 траўня зрабілі ледзь не галоўнай дзяржаўнай рэлігіяй: з масавымі шэсцямі, мілітарысцкай рыторыкай і выкарыстаннем перамогі 1945 года для апраўдання сучаснай палітыкі. Памяць пра трагедыю часта адыходзіць на другі план перад культам сілы.
У Еўропе ж 8 траўня звычайна мае іншы сэнс. Гэта перадусім дзень памяці пра ахвяр вайны, разваг пра тое, як нацызм стаў магчымым, і напамін пра каштоўнасць міру, дэмакратыі і правоў чалавека. Таму розніца паміж 8 і 9 траўня – не толькі ў календары. Гэта розніца ў падыходзе да гісторыі: памяць пра трагедыю або культ перамогі.
Які абіраеце вы?
Далучайцеся да курса пра беларускую паэзію ў сусветным кантэксце – “Таварыства жывых паэтаў і паэтак”, дзе лекцыі будзе чытаць Андрэй Хадановіч
Get more from Грамадская арганізацыя “Годна” on Patreon. Ствараем беларускую нацыянальную ідэю. Support Грамадская арганізацыя “Годна” and get exclusive access to their work.