Мы ідзем на выбары!Кааліцыя Латушка і Рух «За Свабоду» сумесна ідуць на выбары ў Каардынацыйную Раду…

Мы ідзем на выбары!

Кааліцыя Латушка і Рух «За Свабоду» сумесна ідуць на выбары ў Каардынацыйную Раду.

Мы як беларусы заўсёды марылі браць удзел у свабодных і дэмакратычных выбарах, якія, на жаль, на сёння немагчыма арганізаваць у Беларусі. Але ўпершыню за доўгі час мы маем свой дэмакратычны прадстаўнічы орган — Каардынацыйную Раду. Два гады таму на сапраўдных выбарах тысячы беларусак і беларусаў абралі сваіх прадстаўнікоў, нягледзячы на ціск, страх і ўсе перашкоды. Дзякуй вам!

Сумеснай кааліцыяй з Рухам «За Свабоду» мы ідзем на наступныя выбары ў Каардынацыйную Раду, якія адбудуцца ў маі! Мы даказалі, што мы — матываваны і адказны альянс, які ўжо мае досвед працы і досвед выбудоўвання кааліцый. Мы ідзем далей працаваць. Мы дамагаемся таго, што абяцаем: дзякуючы нашай працы Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, учыненых рэжымам Лукашэнкі.

Наша мэта ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную Раду простая і шчырая: каб голас беларусаў гучаў у Еўропе і свеце, каб з нашым меркаваннем лічыліся, каб Беларусь мела годнае месца ў сям’і свабодных еўрапейскіх народаў. Бо Беларусь — гэта Еўропа.

Звяртаемся да вас з просьбай аб падтрымцы Кааліцыі Латушка і Руху «За Свабоду» на выбарах у Каардынацыйную Раду, якія пройдуць з 11 па 17 мая. Галасуй, каб твой голас быў пачуты.

Жыве Беларусь!

Зварот Паўла Латушкі і Юрася Губарэвіча ад імя кааліцыі