Зямлю ксяндза і былога палітвязня не змаглі прадаць з аўкцыёнуТаргі былі прызначаныя на сёння, 24 лю…

Таргі былі прызначаныя на сёння, 24 лютага, але на аўкцыён ніхто не прыйшоў. Улады планавалі прадаць зямлю ксяндза Генрыха Акалатовіча.
Невялікі ўчастак у вёсцы Новая Мыш – зямля бацькоў каля сямейнага дому Акалатовічаў блізу Баранавічаў. Цяпер участак – арыштаваная маёмасць светара, якую ніхто не захацеў купляць.
Таксама пад арышт патрапіў і мікрааўтобус, які належыць не светару, а парафіі. Аўтамабіль Volkswagen Генрыха Акалатовіча быў прададзены раней. Бацькоўскі дом ксяндза на таргі пакуль не выстаўлялі.
Ксяндза Генрыха Акалатовіча звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», прысудзілі 11 гадоў зняволення і штраф 1 мільён 700 тысячаў рублёў – гэта 500 тысяч еўра. Святар выйшаў з турмы напрыканцы мінулага году праз хадайніцтва Ватыкану, але ад грашовых спагнанняў яго не вызвалялі. Цяпер Генрых Акалатовіч знаходзіцца ў Рыме разам з яшчэ адным нядаўнім палітзняволеным светаром Андрэем Юхневічам.