ПВК Вагнера пераарыентавалася на дыверсіі ў заходніх краінах — FT Расійская прыватная вайсковая камп…

Расійская прыватная вайсковая кампанія Вагнера займаецца акцыямі сабатажу ў Еўропе. Для акцый рэкруцёры вярбуюць уразлівых людзей на тэрыторыі краін NATO. Пра гэта піша выданне Financial Times са спасылкай на заходніх разведчыкаў.
Рэкруцёры, якія раней вербавалі маладых расіян для баявых дзеянняў ва Украіне, цяпер атрымалі новую задачу. Яны мусяць прыцягваць эканамічна ўразлівых еўрапейцаў для дыверсій на тэрыторыі краін NATO. Са словаў суразмоўцы выдання, расійская ваенная разведка (ГРУ) выкарыстоўвае для гэтага даступныя рэсурсы, у тым ліку сетку ПВК Вагнера. Яны шукаюць “аднаразовых” агентаў, здольных ствараць хаос.
Агентам даручаюць самыя розныя заданні — ад падпалу машын палітыкаў і складоў з дапамогай для Украіны да маскіроўкі пад прапагандыстаў нацызму. Часта матывам для вярбоўкі служаць грошы. Нярэдка заданні выконваюць маргіналізаваныя людзі.